ГрадусПлюс. Чый клопат?

Важнае Грамадства

Ніколі не думала, што пайду купляць рыдлёўку зімой.

Але гэта пара сёлета нам дорыць столькі снегу, што для аўтамабілістаў гэты інструмент становіцца прадметам першай неабходнасці.

І калі на вуліцах, тратуарах камунальнікі стараюцца паспяваць прыбіраць наступствы стыхіі, то ў дварах сітуацыя вельмі розная. Кажуць, да добрага хутка прывыкаеш. Вось і для мяне стала нормай заўжды пачышчаная ад снегу тэрыторыя каля нашага дома: пасля кожнага снегападу працуе добраахвотны мужчынскі “дэсант” з мясцовых жыхароў.

А тут давялося пасля работы заехаць у суседні двор у магазін. Месца на стаянцы каля жылога дома не аказалася, я ўзяла крыху ўбок, каб прыпаркавацца каля тратуара… і села ўсімі коламі ў пульхны ад рэагентаў раз’езджаны машынамі снег – не выехаць ні туды ні сюды. Добра, што міма ішлі знаёмыя, якія дапамаглі выбрацца з непрыемнага становішча, але заязджаць у двары зімой без спецінструментаў я ў гэты дзень зараклася.

Да магазіна ўсё ж дабралася, ужо пешшу, у размове з прадаўцамі даведалася, што не адна я “шчаслівая” і гэта не першы такі прэцэдэнт. Маўляў, і куды службы глядзяць? Ведама куды: на дарогі, тратуары, паркоўкі ў грамадскіх месцах, дзе больш ажыўлены рух транспарту. Нават на выхадных не спалі: можна было сустрэць спецтэхніку ў горадзе. А што двары? Дык, можа, не чакаць асаблівага запрашэння ці народнай акцыі “Прыбяром снег разам”, каб зрабіць камфортна сабе і людзям?

Гэтыя развагі пацвярджае майстар па добраўпарадкаванні Дзятлаўскага РУП ЖКГ Наталля Скібінская, якая знаёміць з графікам работы камунальнай службы раёна ў снегапады:

– Калі размова ідзе пра дваровыя тэрыторыі, то там прыбіраюць снег нашы дворнікі, іх рабочы дзень пачынаецца а 6-й гадзіне раніцы. Напрыклад, за ўсім мікрараёнам вуліцы Навагрудскай замацаваны 2 чалавекі, вуліц Перамогі і Кірава – па адным. Улічваючы колькасць снегу, якая пастаянна выпадае гэтай зімой, яны не заўсёды паспяваюць справіцца з вялікім аб’ёмам работы так хутка, як хацелася б. На дарогах, а таксама ў неасфальтаваных раёнах горада працуе спецтэхніка: на ўборцы і вывазе снегу занята 6 адзінак тэхнікі, якая па графіку пачынае працу з 5 гадзін раніцы да 8, затым трактары заняты на падвозе пілавіння да кацельняў раёна. Снежнае надвор’е – сапраўднае выпрабаванне для ўсіх, таму прашу дзятлаўчан быць адзінымі з камунальнай службай у ліквідацыі наступстваў стыхіі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga