Грамадска-турыстычная акцыя пад такой назвай будзе рэалізавана ў нашым раёне да 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Аб асаблівасцях яе арганізацыі і правядзення, а таксама ў цэлым аб развіцці мясцовых відаў турызму і ўкараненні новых турпаслугаў ішла размова на рабочай нарадзе ў намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі са спецыялістамі сектара спорту і турызму, зацікаўленых службаў і арганізацый раёна, гаспадарамі аграэкасядзібаў.
– Сёлета наша краіна адзначае важкі юбілей – 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – задаў тон размове Вадзім Бялятка. – Безумоўна, такая значная дата патрабуе ўвагі, хочацца, каб яна запомнілася цікавымі і адметнымі падзеямі і мерапрыемствамі. Па гэтай прычыне і было вырашана вынесці пытанне аб арганізацыі юбілейнай раённай акцыі на абмеркаванне. Другім пытаннем парадку дня будзе – выкананне патрабаванняў заканадаўства ў сферы аграэкатурызму, перспектывы супрацоўніцтва, апрабацыя і ўкараненне новых відаў турыстычных паслугаў.
– У большай ступені мерапрыемствы да 80-годдзя вызвалення Беларусі будуць мець памятны характар, – звяртаючыся да першай тэмы, адзначыла галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Калодка. – Калектыў сектара спорту і турызму райвыканкама палічыў, што не павінен заставацца ў баку ад падзей, таму ўзнікла ідэя раённай грамадска-турыстычнай акцыі “Дзятлаўшчына гераічная”. Яе назва таксама выбрана невыпадкова: літаральна ў снежні была зацверджана стратэгія развіцця турызму на Дзятлаўшчыне на 2024-2025 гады. Яна арыентавана на 4 тэматычныя кірункі, адзін з якіх так і гучыць “Дзятлаўшчына гераічная”.
Што тычыцца юбілейнай акцыі, то яна будзе ўключаць у сябе экскурсіі і інтэрактыўныя праграмы. Так, ужо каля 1,5 тысячы чалавек паўдзельнічалі ў экскурсіі “Знаёмцеся – Дзятлава”, у нас ёсць і іншыя маршруты для турыстаў: аўтамабільны “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, веласіпедны “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”, байдарачны “Шчара – рака партызанская”. У іх дадаткова будзем уключаць анімацыйныя моманты, каб “разбавіць” вялікія аб’ёмы гістарычнай інфармацыі. У гэтым плане цікавымі будуць школьныя музеі райцэнтра і “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы. Праграмы можна фарміраваць аднадзённыя і двухдзённыя і па розных зонах раёна. Калі запланавана начоўка ў доміку паляўнічага ці на аграэкасядзібах, то пры спрыяльным надвор’і можна прапанаваць гасцям яшчэ і акунуцца ў атмасферу партызанскай стаянкі: і песню ваенных гадоў каля вогнішча заспяваць, і страву простую паспрабаваць.
– Мы павінны сапраўды зацікавіць турыстаў, каб яны імкнуліся ехаць на Дзятлаўшчыну, – акцэнтаваў увагу Вадзім Бялятка.
Наталля Калодка расказала, што для гэтага работа скіравана не толькі на стварэнне якаснага турыстычнага “прадукта”, але і на яго рэкламу праз праспекты, флаеры, лістоўкі, турыстычныя фірмы, раённую газету, сацыяльныя сеткі, і з улікам індывідуальнага падыхода да запытаў гасцей.
Другая частка пасяджэння была прысвечана выкананню заканадаўства пры аказанні турыстычных паслугаў. У прыватнасці спыніліся на рабоце аграэкасядзібаў раёна, якія ў 2023 годзе прайшлі працэдуру перарэгістрацыі і прытрымліваюцца спектра паслугаў і патрабаванняў, акрэсленых ва указе Прэзідэнта № 351. Рэалізацыя гэтага заканадаўчага акта і надалей застаецца на кантролі, бо калі сядзіба зарэгістравана – яна павінна аказваць паслугі. Разам з тым, падводзячы вынікі мінулага года, начальнік упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Дзятлаўскім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Іван Гірык і намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэй Юшкевіч адзначылі, што парушэнняў у гэтым кірунку не выяўлена.
Ведучы размову аб новых відах турыстычных паслугаў на Дзятлаўшчыне, Наталля Калодка анансавала новы маршрут “На ўскрайку Ліпічанскай пушчы, або Накрышская гісторыя”, які будзе запушчаны з пачаткам цёплага сезона. За плённае супрацоўніцтва і адказны падыход яна падзякавала кіраўніцтву ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, на базе якога функцыянуе домік паляўнічага, і спецыялістам Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, якія ў сезоне-2023-2024 спрацавалі настолькі плённа, што турпаслуга квэст “Ключы Бабулі Зімы” была выкуплена яшчэ да пачатку яе старта. А таксама гаспадарам аграэкасядзібы “Каля дуба” Жанне і Сяргею Калпінскім за новы турыстычны прадукт “Навагоднія забавы каля дуба”, які стаў для юных гасцей цікавай альтэрнатывай гаджэтам і смартфонам.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga