Дзе на Дзятлаўшчыне “Школа “#ЭКАНОМіЯ”?

Галоўнае Грамадства Падзеі

Падведзены вынікі абласнога этапу XVII Рэспубліканскага конкурсу праектаў “Энергамарафон”, які праходзіў з ініцыятывы Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Усяго на конкурс з розных установаў адукацыі Гродзеншчыны было прадастаўлена 549 работ. Прызёраў вызначалі ў некалькіх намінацыях.

Пераможцай намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі”, уладальніцай дыплома І ступені і грашовага гранта на суму 25 тысяч рублёў стала сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава.

Аўтары пераможнага праекта “Школа “#ЭКАНОМіЯ” – намеснік дырэктара ўстановы па выхаваўчай рабоце Марыя Шавель і настаўніца матэматыкі Кацярына Латушка.

Цікава было даведацца ў дзятлаўскіх педагогаў, як яны вынайшлі сваю энергаэфектыўную “формулу” поспеху.

– Наша ўстанова паўдзельнічала не толькі ў гэтай намінацыі конкурсу, заваяваны яшчэ і дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Лістоўка”. Паколькі перамаглі ў абласным этапе “Энергамарафону”, цяпер актыўна рыхтуемся да рэспубліканскага фіналу. Асабліва прыемна, што гэты конкурс грантавы. Заваяваны грашовы прыз, 25 тысяч рублёў, мяркуем патраціць на рамонт нашай школы, вельмі хочацца абнавіць актавую залу.

– Раней ужо ўдзельнічалі ў “Энергамарафоне”?

– І не аднойчы. Былі дасягненні на раённым этапе, аднак такая важкая перамога заваявана ўпершыню. Да яе мы ішлі на працягу апошніх двух гадоў. Грунтоўна абдумалі, што менавіта ўключым у сістэму работы школы па энергаэканоміі. Вырашылі, што будавацца дзейнасць у гэтым кірунку будзе па трох прынцыпах: эканомім рэсурсы, эканомім фінансы, эканомім энергію. Па выніках работы стварылі яшчэ і тэматычны інфармацыйны рэсурс, які так і называецца “Школа “#ЭКАНОМіЯ”.

– Наколькі актыўна ў рэалізацыі праекта ўдзельнічаюць вучні?

– На базе сярэдняй школы № 3 працуе коўч-цэнтр, членамі якога з’яўляюцца навучэнцы педагагічнага профілю. Менавіта яны часта выступаюць ініцыятарамі розных конкурсаў і выставаў. Напрыклад, нядаўна прайшла выстава работ на тэму энергазберажэння, а ў Тэлеграм-канале мы галасавалі за лепшыя тэматычныя відэаролікі, якія стваралі ўсе класныя калектывы. На базе ўстановы працуе яшчэ і школьнае лясніцтва “Лясны дазор”. Яго ўдзельнікі – не менш актыўныя аматары энергазберажэння: пад іх эгідай у гэтым навучальным годзе школа сабрала больш за 11 тон макулатуры і каля 1,6 тоны пластыку, а гэта таксама зберажэнне другасных рэсурсаў.

– Якая роля адведзена педагогам?

– Перамога ў “Энергамарафоне” – заслуга ўсяго школьнага калектыву. Дзякуючы станоўчаму вопыту настаўнікаў-прадметнікаў гэта работа пастаўлена на надзейныя рэйкі. Традыцыйнымі для ўстановы сталі тэматычныя бінарныя ўрокі, напрыклад, фізіка-геаграфія, хімія-матэматыка, іншыя, якія дапамагаюць глыбей спасцігнуць праблемы ашчадных адносінаў да навакольнага асяроддзя і эканоміі рэсурсаў. Распрацавана шмат цікавых інтэрактыўных формаў работы, якімі рэгулярна папаўняем наш інфармацыйны рэсурс: віктарынаў, гульняў, заданняў, квэстаў. Усё гэта служыць добрай дапамогай для іншых настаўнікаў Беларусі, якія могуць наведваць наш сайт. Наогул, усё робіцца для таго, каб зацікавіць падрастаючае пакаленне, бацькоў, педагогаў актуальнай у наш час праблемай энергаэканоміі.

– Чаму ваш праект запатрабаваны?

– Бо дае веды і навыкі, якімі дзеці і дарослыя могуць скарыстацца ў сваім паўсядзённым жыцці для пэўных бытавых рашэнняў. Напрыклад, уцяпленне фасада будынка нашай школы, замена вокнаў, міжпакаёвых дзвярэй, лямпаў на энергазберагальныя толькі за 2023 год дазволіла ўстанове зберагчы 1000 рублёў на аплаце за ацяпленне і асвятленне. Значыць, сістэма рэальна працуе, што пацверджана на практыцы.

Прыродныя рэсурсы Беларусі не бязмежныя. Каб наша Айчына развівалася і працвітала, паляпшалася якасць жыцця беларусаў, да іх трэба адносіцца беражліва. Работа над праектам дапамагае выхоўваць дзяцей грамадзянамі-патрыётамі, дбайнымі гаспадарамі сваёй краіны.

– Што ў далейшых планах?

– Паспяхова выступіць на рэспубліканскім этапе.

Калі ж зазірнуць яшчэ далей – у наступным годзе прыняць удзел у намінацыі “Лепшы педагагічны работнік у сістэме энергазберажэння” і паказаць вопыт Кацярыны Латушка ў гэтым кірунку. Ужо цяпер знаходзімся ў творчым пошуку новых цікавых формаў работы, каб наступны ўдзел у “Энергамарафоне” быў не менш выніковы. Настрой аптымістычны, бо калі ёсць каманда аднадумцаў – гэта 90 % поспеху, астатнія ж 10 % мы напрацуем.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: