Напярэдадні Дня ратаўніка маладыя супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прынеслі прысягу на вернасць Радзіме каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў Дзятлаве.
Са словамі наказу да новага папаўнення звярнуўся старшыня ветэранскай арганізацыі Дзятлаўскага РАНС Сяргей Малышчык:
– Мінулі дзесяцігоддзі з тае пары, як мы таксама прыносілі клятву на вернасць Радзіме – тады Савецкаму Саюзу. Цяпер вы, маладыя ратаўнікі прысягаеце Рэспубліцы Беларусь. Тым не менш самыя важныя словы клятвы ва ўсе часы аднолькавыя – служэнне Радзіме і народу. Запомніце іх, бо вы звязалі сваё жыццё з ганаровай і неабходнай для народа і дзяржавы службай. Упэўнены, што вы з годнасцю будзеце несці званне беларускага ратаўніка і адпавядаць яму.
Разам з начальнікам Дзятлаўскага РАНС Сяргеем Казушчыкам яны ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны савецкіх салдат і ўсклалі кветкі да помніка.
Павіншаваць свайго сына Рамана Ермачэнку, які прыняў прысягу, разам з яго малодшымі братам і сястрычкай прыйшла мама Вікторыя:
– Вельмі рада, што ў сына збылася мара стаць ратаўніком. Было вельмі хвалююча пачуць яго клятву на вернасць Радзіме. Раман – наша падтрымка і наш гонар. Жадаю яму і ўсім ратаўнікам добрай службы, менш надзвычайных сітуацый.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga