Святло на вашай вуліцы

Галоўнае Грамадства

Сімвалічна, што напрыканцы снежня, калі паўсюль запальваецца навагодняя ілюмінацыя, а людзі з нецярпеннем чакаюць яркіх святаў, сваё прафесійнае адзначаюць тыя, хто дае святло.

Кажуць, у энергетыцы выпадковых людзей не бывае, кожны работнік Дзятлаўскага раёна электрычных сетак – прамы доказ гэтаму.

З 2018 года майстрам брыгады па абслугоўванні і рамонце вулічнага асвятлення працуе Яўгеній Юч.

– Тэхніка, электрычнасць – гэта любоў з дзяцінства, – прызнаецца ён. – Яшчэ ў класе восьмым у гаражы бацькоўскага дома ў Жукоўшчыне праклаў праводку, якая працуе дагэтуль.

Калі пасля школы паўстаў выбар справы жыцця, ён нават не сумняваўся, куды ісці вучыцца. Каб атрымаць жаданую прафесію, ён паступіў на электрыка ў Жыровіцкі аграрна-тэхнічны каледж, вярнуўся на малую радзіму, дзе ўладкаваўся на работу намеснікам галоўнага энергетыка ў сённяшнім КСУП “Жукоўшчына” і прадоўжыў адукацыю завочна на вышэйшай ступені ў Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце.

Папрацаваўшы некалькі гадоў у сельскай гаспадарцы, мужчына вырашыў паспрабаваць свае сілы ў “вялікай” энергетыцы: так ён папоўніў зладжаны калектыў раёна электрычных сетак, напачатку – электраманцёрам.

За пару гадоў, пакуль набіраўся вопыту і ўваходзіў у курс справы, скончыў універсітэт, абараніў дыплом на матэрыяле электрыфікацыі сельгасаб’ектаў роднага раёна і ў хуткім часе атрымаў павышэнне.

Ужо пяць гадоў Яўген Яўгенавіч узначальвае брыгаду, у той жа час з’яўляючыся самым малодшым яе ўдзельнікам. Нягледзячы на гэта, калегі і начальства ведаюць яго як вопытнага граматнага работніка і кіраўніка, які ўмее дакладна і своечасова выконваць пастаўленыя задачы.

– Цяпер праводзім работы па замене свяцільнікаў вулічнага асвятлення ў аграгарадках і вёсках на энергаэфектыўныя, згодна з праграмай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, – расказвае майстар. – Работы будуць праходзіць да 2025 года ў тры этапы, нядаўна пачаўся першы, ужо замянілі 860 свяцільнікаў, працавалі ў Раготне, Хвінявічах, Войневічах, Жукоўшчыне і іншых населеных пунктах.

Калектыў Дзятлаўскага РЭС – адна вялікая сям’я, дзе і радасці, і клопаты адны на ўсіх. Так і брыгада па абслугоўванні і рамонце вулічнага асвятлення працуе згодна з планам, але ў любы момант гатова дапамагчы калегам у аварыйных ці іншых сітуацыях, калі гэта патрабуецца.

– Да якога часу прадаўжаецца рабочы дзень энергетыка? – пытаюся ў суразмоўцы.

– Графік работы звычайны, васьмігадзінны, пяць дзён на тыдзень, але кантралюем сітуацыю ў электрычных сетках 24 на 7.

У якасці доказу Яўген Яўгенавіч паказвае яшчэ адзін свой рабочы інструмент – планшэт, у якім, як на далоні, уся сістэма асвятлення Дзятлаўшчыны, і расказвае:

– За апошнія дзесяцігоддзі электрычныя сеткі раёна істотна мадэрнізаваліся: на больш сучасныя заменены лініі электраперадачы, размеркавальныя шафы, усталявана аўтаматыка, з дапамогай якой можна дыстанцыйна праводзіць пераключэнні.

Адным словам, калі ў вас нешта не гарыць або не свеціцца, энергетыкі аб гэтым даведваюцца першымі і, напэўна, ужо вырашаюць праблему.

Яўген Юч павіншаваў калег з прафесійнай датай і надыходзячымі навагоднімі святамі:

– Хачу выказаць словы ўдзячнасці ўсяму калектыву Дзятлаўскага РЭС – сапраўднай дружнай камандзе, у якой маю шчасце працаваць. Няхай у жыцці ўсё ладзіцца, на рабоце будзе менш аварыйных сітуацый, дома – утульнасці і дабра. Удачы, дасягнення мэтаў, моцнага здароўя і мірнага неба.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga