Школьны мерыдыян. Акцыя “Нашы дзеці” – жаданні, якія спаўняюцца

Грамадства Свежыя навіны

Напярэдадні Новага года кожнае дзіця загадвае жаданне і верыць, што яно абавязкова споўніцца.

Паклапаціцца аб тым, каб сэрца кожнага з іх было сагрэта цяплом і ўвагай, – задача дарослых. Акцыя “Нашы дзеці” дае магчымасць адчуць сябе добрымі чараўнікамі і падарыць радасць дзецям, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах.

З гэтай нагоды вучні і педагогі Казлоўшчынскай сярэдняй школы наведалі сваіх навучэнцаў, якія ў перадсвяточны час знаходзяцца ў дзіцячым прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава. Дзеці былі рады сустрэчы са сваімі аднагодкамі, а таксама з іх настаўнікамі, якія ўручылі ім салодкія падарункі.

У Новаяльнянскай сярэдняй школе ў гэты час праходзяць навагоднія дабрачынныя мерапрыемствы: валанцёрскія акцыі “Мы разам”, “Ліст асабліваму сябру”, “Мы разам з творчасцю”, “Дабрыня выратуе свет”; дзіцячыя навагоднія ранішнікі, навагодні баль і святочныя паказы з уручэннем падарункаў. Удзельнікамі гэтай акцыі сталі ўсе навучэнцы ўстановы, каштоўнымі прызамі адзначаны пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, навучэнцы з поспехамі ў грамадскай рабоце, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці-інваліды, дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў.

Дабрачынная акцыя “Чароўны кошык” па зборы канцылярыскіх прыладаў, цацак, кніг для дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, а таксама выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава праходзіць у Гезгалаўскай сярэдняй школе. У ёй ужо прынялі ўдзел не толькі навучэнцы 1-11 класаў, але і педагогі, бацькі.

Педагогі гімназіі № 1 горада Дзятлава, навучэнцы і члены вучнёўскага самакіравання ўстановы, іх бацькі агульнымі намаганнямі сабралі салодкія падарункі, цацкі, канцылярскія прылады для дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівым клопаце. Разам з актывістамі гімназічнага валанцёрскага атрада “Крок насустрач” з надыходзячым Новым годам і Калядамі яны павіншавалі выхаванцаў Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама насельнікаў дзіцячага прытулка сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава. Дзеці былі радыя сустрэчы з равеснікамі, карысным і салодкім падарункам ад іх.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga