Ведай нашых!
Якшук Аляксандра, навучэнка 9 класа Новаяльнянскай сярэдняй школы, прыняла ўдзел у заключным этапе IV адкрытай абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Навука перамагаць”, прысвечанай 80-ай гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у секцыі “Медаль за бой, медаль за працу з аднаго металу льюць”, у якой прадстаўлены даследчыя работы, прысвечаныя заслужаным дзеячам розных сфер, ганаровым грамадзянам Гродзеншчыны. Сярод 21 удзельніка Аляксандра заняла 1 месца.
Падарожнічай па Беларусі!
Навучэнцы і педагогі Дварэцкай сярэдняй школы пабывалі на экскурсіі па маршруце Івацэвічы – Косава – Ружаны.
Яны наведалі мэблевую фабрыку “Івацэвічдрэў”, дзе ім расказалі пра прадпрыемства, паказалі цалкам яго работу, а таксама правялі прафарыентацыйную гутарку .
Далей быў палац Пуслоўскіх у Косаве. На экскурсіі дзеці даведаліся гісторыю замка і ўсіх яго насельнікаў.
Закончылася падарожжа наведваннем палацавага комплексу роду Сапегаў у Ружанах. Экскурсія аказалася вельмі цікавай, бо большасць экспанатаў у замку сапраўдныя.
Як стваралася “Інклюзіўная кніга”
Навучэнцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава далучыліся да раённай акцыі “Свет дабра”, у рамках якой рэалізоўваўся раённы праект “#Мы_вместе2023”. Мэтай праекта стала садзейнічанне паспяховай сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, развіццё іх творчага патэнцыялу сродкамі сацыяльна значнай дзейнасці.
На працягу сямі дзён навучэнцы школы сумесна з іх равеснікамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ўдзельнічалі ў акцыях, квэст-гульнях, марафонах, творчых майстэрнях, дзяліліся думкамі ў гутарцы-дыялогу, стваралі творчыя вырабы і падарункі для выхаванцаў, якія атрымліваюць адукацыю дома.
Акрамя гэтага, школьнікі сумесна з педагогамі стварылі сваю “Інклюзіўную кнігу”, якая размяшчалася ў фае ўстановы. Кожны рэалізаваны дзень праекта фіксаваўся фатаграфіямі і размяшчаўся ў выглядзе раскрытай кнігі пад эмблемай акцыі.
Малышам – пра бяспеку!
Навучэнцы 1 і 3 класаў Гезгалаўскай сярэдняй школы і пачатковых класаў Круцілавіцкай сярэдняй школы наведалі Цэнтр бяспекі МНС горада Ліды.
Дзеці акунуліся ў свет, поўны пастак і непрадбачаных сітуацый. Яны паўтарылі правілы карыстання бытавымі прыборамі, як паводзіць сябе пры навальніцы, на вадаёме ў зімовы перыяд, у лесе. Найбольшае ўражанне на дзяцей аказала камера, якая запоўнілася дымам, імітуючы пажар. Не паддаючыся паніцы, арганізавана і спакойна яны пераадолелі цяжкасці і выйшлі з задымленага памяшкання. Затым, выкарыстоўваючы стацыянарны тэлефон, адпрацавалі алгарытм выкліку экстраннай службы з паведамленнем аб пажары.
Школьнікі паглядзелі навучальныя мультфільмы і відэаролікі, адказалі на пытанні экскурсавода. Інтэрактыўныя гульні, тэматычныя сюжэтныя выставы, сучасныя трэнажоры, спецэфекты дапамаглі зрабіць экскурсію пазнавальнай і незабыўнай.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga