Тры або нават чатыры бюлетэні атрымаюць дзятлаўчане на “Выбарах-2024”, якія адбудуцца 25 лютага.
Пра асаблівасці электаральнай кампаніі і вынікі сацыяльна-эканамічнага жыцця раёна работнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна даведаліся ў час інфармацыйнай сустрэчы са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім і яго камандай.
Начальнік аддзела эканомікі Аляксей Уцін, гаворачы пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна за 11 месяцаў гэтага года, заўважыў, што нягледзячы на няпростыя ўмовы санкцыйнага ціску і іншыя негатыўныя фактары, прадпрыемствы Дзятлаўшчыны маюць станоўчую фінансавую дынаміку работы.
– Стабільнае развіццё эканомікі нашага раёна і выкананне бюджэту з прафіцытам – магчымасць укладваць сродкі ў сацыяльную сферу, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Тэмп росту прамысловасці сёлета складае 115 %, што дазволіла рэалізаваць і распачаць шэраг важных для Дзятлаўшчыны праектаў, тры мільёны рублёў сёлета выдзелена на сацыяльную сферу.
Ён расказаў пра тое, што зроблена ў раёне за сродкі раённага і абласнога бюджэтаў, што ў планах на будучы год, адзначыў, што ў 2024 годзе будзе праведзены капітальны рамонт шасці шматкватэрных дамоў у Дзятлаве і раёне, запланавана будаўніцтва 32-кватэрнага дома для шматдзетных сем’яў і сілавікоў, распрацоўваецца дакументацыя для будаўніцтва тэнтавага арачніка над лядовай пляцоўкай у Дзятлаве, а таксама рэканструкцыя лазнева-аздараўленчага комплексу, набыццё новага аўтатранспарту для арганізацый раёна і многія іншыя мерапрыемствы. Іх выкананне залежыць ад эфектыўнай работы прадпрыемстваў раёна і напаўнення раённага бюджэту.
Андрэй Уладзіміравіч нагадаў таксама, што ў лютым 2024 года ўсіх беларусаў чакае адказная місія – выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання, якія пройдуць у адзіны дзень галасавання. Падрабязней аб правілах і новаўвядзеннях выбарчай кампаніі расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вольга Рагачова. Яна нагадала прысутным, што галасаваць, як і раней, можна па месцы жыхарства, а не прапіскі, але выбарчую камісію аб гэтым трэба папярэдзіць загадзя:
– Калі выбаршчыкі не зарэгістраваны на тэрыторыі ўчастка для галасавання, але маюць дакумент, які пацвярджае пражыванне на дадзенай тэрыторыі, яны маюць права быць уключанымі ў спіс выбаршчыкаў да дня выбараў (не пазней за 24 лютага 2024 года), прадаставіўшы пацвярджальны дакумент аб месцы жыхарства, – адзначыла Вольга Мікалаеўна. – Непасрэдна ў дзень выбараў зрабіць гэта будзе немагчыма.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga