З кожным годам пакупкі ў інтэрнэце становяцца ўсё больш папулярнымі.
Людзі набываюць тавары не толькі на вядомых інтэрнэт-пляцоўках, але і праз сацыяльныя сеткі, асабліва Instagram.
Там можна знайсці шырокі выбар акаўнтаў, якія займаюцца рэалізацыяй адзення, абутку, мэблі, гаджэтаў. На жаль, у стагоддзе цыфравізацыі лёгка стаць ахвярай махляроў і застацца без грошай. Калі ўсё ж такі рашыліся набываць тое, што падабаецца, праз Instagram, не забывайце аб правілах бяспекі. Яны дапамогуць адрозніць сумленнага прадаўца тавару ад махляра, які стварыў падманны акаўнт.
Першае, на што варта звяртаць увагу, – дату яго стварэння і даўнасць публікацый, размешчаных на старонцы карыстальніка, які рэалізуе тавары. Як правіла, ашуканцы імкнуцца хутка завалодаць чужымі фінансамі, таму інфармацыю, як правіла, выкладаюць на працягу некалькіх дзён да мяркуемых “продажаў”. Прааналізуйце і самі публікацыі: сапраўдны прадавец пастараецца падабраць фотаздымкі па тэматыцы і высокай якасці.
Не менш важныя водгукі аб тавары і анлайн-магазіне: заўважайце, якія яны, кім пакінуты. Калі фразы маюць прыблізна аднолькавы стыль і напісалі іх гаспадары пераважна закрытых акаўнтаў або іншаземцы, якія наўрад ці з’яўляюцца мэтавымі пакупнікамі тавару, варта насцярожыцца. А яшчэ, рэальныя прадаўцы, зацікаўленыя ў самарэкламе, замацоўваюць у stories водгукі пакупнікоў для далейшага прыцягнення кліентаў, таму сачыце, ці ёсць гэтыя stories, які стыль іх напісання. Можна пашукаць водгукі аб інтэрнэт-магазіне, увёўшы запыт у радку браўзера.
Звяртаць увагу важна і на кошт тавара: супастаўляць цэны прадаўца з рэальнымі на аналагічны тавар. Махляры, каб прывабіць больш пакупнікоў, пазначаюць іх ніжэйшымі за рыначныя, прапануюць прывабныя скідкі і акцыі.
Пры аплаце тавараў лепш спыніцца, калі просяць унесці ўсю суму адразу, асабліва калі адпраўляюць спасылку для пераводу грошай і пры гэтым неабходны пароль банкаўскай карткі. Насцярожыць павінна і настойлівасць прадаўца ў час перапіскі. Адным словам, падыходзьце адказна і з розумам да ажыццяўлення пакупак у інтэрнэце.
Вольга ЖЫБКО,
следчы раённага аддзела Следчага камітэта
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga