ГрадусПлюс. Як страціць жыллё за паўгода: інструкцыя для самаўпэўненых

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Нездарма мы часта звяртаемся да народнай мудрасці, якая сцвярджае: у новы год трэба ўваходзіць без даўгоў. І гэта тычыцца не толькі запазычанай у суседа сторублёўкі, а і рахункаў за камунальныя плацяжы.

Як адзначаюць у Дзятлаўскім РУП ЖКГ, апошнім часам сярод жыхароў раёна пачасціліся выпадкі несвоечасовай аплаты за аказаныя камунальныя паслугі.

­– Ну і што яны мне зробяць? – нехта падумае, а іншы і ўслых прагаворыць такую фразу. І часам гэта не самыя бедныя людзі…

Аднак “героі” нябачнай вайны супраць дзяржавы за ўласны бюджэт не зусім разумеюць, што дзеючым беларускім заканадаўствам зацверджана: у выпадку несвоечасовай аплаты за камуналку штрафнікі могуць пазбавіцца камфартабельнай жылплошчы. У суд Дзятлаўскага раёна штогод падаюцца іскі на высяленне з дзяржжылфонду арэнднага жылля без прадастаўлення іншага жылога памяшкання за несвоечасовы разлік за жыллёва-камунальныя паслугі (ЖКП).

Пры гэтым пад такія жорсткія меры трапляюць не толькі арандатары, але і гаспадары кватэр, якія па сваёй неабачлівасці могуць пазбавіцца ўласных квадратных метраў.

– У адпаведнасці з Жыллёвым кодэксам Рэспублікі Беларусь, калі ўласнік жылога памяшкання на працягу аднаго месяца з даты атрымання папярэджання не пагасіў запазычанасць па аплаце жыллёва-камунальных паслуг, а магчымасці пагашэння доўгу за кошт іншай маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці, няма, мясцовы выканаўчы камітэт мае права падаць іск аб прымусе ўласніка жылога памяшкання да выплатнага адчужэння жылога памяшкання, – узгадвае палажэнні заканадаўства юрыст РУП ЖКГ Ігар Глускі.

Ён агучвае сёлетнюю статыстыку, згодна з якой за несвоечасовую выплату за ваду, ацяпленне, вываз смецця, тэхнічнае абслугоўванне і капітальны рамонт былі выселены з арэнднага жылля 4 чалавекі, прынята рашэнне суда аб прымусе на адчужэнне кватэры ва ўласніка, але ён разлічыўся за камунальныя паслугі. Штомесяц адпраўляюцца па 300-400 папярэджанняў неплацельшчыкам, якія могуць “перарасці” ў судовыя іскі.

– Згодна з артыкулам 87 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, “назапасіўшы” шасцімесячную запазычанасць па камунальных плацяжах, можна разам з усімі членамі сям’і пазбавіцца месца ў інтэрнаце, – расказвае Ігар Яўгенавіч. – Іншае жылое памяшканне даўжнікам таксама не прадастаўляецца.

Мець даўгі па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі небяспечна. Акрамя таго што вы рызыкуеце пазбавіцца вады і цяпла, застацца з пустым кашальком, атрымаць забарону на выезд за мяжу, можаце страціць маёмасць і нават кватэру. Каб пазбегнуць гэтых страшных сцэнарыяў, дастаткова проста своечасова аплачваць камунальныя паслугі. Як і раней, тэрмін унясення аплаты за ЖКП у поўным аб’ёме – да 25 чысла кожнага месяца.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga