ГрадусПлюс. Антыгаспадарчы падыход

Важнае Грамадства

Зіма грунтоўна ўступіла ў свае правы, пакрыўшы ўвесь свет тоўстым белым пластом снегу.

Усё навокал прыгожа і святочна, але не варта забываць пра тое, што снег рана ці позна растане, адкрываючы воку часам не вельмі прыемную рэчаіснасць.

Не схлусім, калі ўзгадаем, наколькі шмат робіцца на Дзятлаўшчыне па навядзенні парадку на зямлі: гэта і штодзённая работа камунальных службаў, гаспадароў прысядзібных участкаў, суботнікі розных узроўняў. Але, на жаль, прысутнічае і адваротны бок медаля: з году ў год інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзіць маніторынгі па кантролі санітарнага стану земляў раёна, і кожны раз не абыходзіцца без выпадкаў парушэння прыродаахоўнага заканадаўства. Высветлілася, людзі настойліва ігнарыруюць правілы абыходжання з цвёрдымі адходамі або проста не ведаюць іх. Але няведанне закона, як вядома, не пазбаўляе ад адказнасці.

– Інспекцыяй праводзяцца рэгулярныя наглядавыя мерапрыемствы з наведваннем прадпрыемстваў  дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці, – адзначыў начальнік інспекцыі Дзмітрый Балькоўскі. – За гэты год праведзена 12 маніторынгаў, у выніку якіх было выяўлена 136 парушэнняў, па кожным выдадзены рэкамендацыі для ліквідацыі наступстваў.

Ён заўважае, што аб’ектамі пільнай увагі інспектараў сталі тэрыторыі вакол вытворчых будынкаў, мехмайстэрняў, складоў. Таксама правяраліся кар’еры ўнутрыгаспадарчага значэння. Традыцыйна не абышлося без сюрпрызаў – непатрэбныя гумовыя шыны, выкарыстаны поліэтылен, якія маглі быць здадзены на ўтылізацыю або перапрацоўку, а замест гэтага “ўпрыгожваюць” раён стыхійнымі інсталяцыямі. Каб не быць галаслоўным, Дзмітрый Георгіевіч адкрывае геаграфію самавольных звалак, выяўленых сёлета ў нашым раёне:

– Напрыклад, кар’ер “Галаўлі” СГФ “АграМілк”, дзе знаходзіліся зношаныя шыны, кар’ер “Белякі” ТАА “РоданАграПол” – тая ж карціна, плюс былі выяўлены будаўнічыя адходы і парубачныя рэшткі. Таксама знойдзены парушэнні пры абследаванні жывёлагадоўчых фермаў і машынных двароў, яны ўстаноўлены на фермах “Ёцавічы”, “Войневічы” КСУП “Войневічы”, “Нагародавічы” КСУП “Жукоўшчына”, “Падвялікае” ТАА “РоданАгра”, зернесушыльным комплексе “Вензавец” ТАА “РоданАграПол”. Па ўсіх гэтых фактах службовыя асобы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці.

Не так масава, але падсыпаюць смецця на родную зямлю і звычайныя жыхары раёна: варта толькі з’явіцца дзе-небудзь стыхійнай звалцы, як падштурхоўваемыя духам калектывізму людзі пачынаюць туды звозіць усё, што дома не прыдалося. Аднак не задумваюцца яны пра тое, што рана ці позна суайчыннікам давядзецца прыбіраць гэту “прыгажосць”.

І там, дзе на парушальнікаў не ўздзейнічаюць мірныя просьбы, знаходзіцца артыкул 16.44 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які рэгламентуе абыходжанне з адходамі. Патрабаванні ў ім і адназначныя, а штрафы ўнушальныя.

Па выніках праверак было складзена 12 адміністрацыйных пратаколаў на суму 6700 рублёў, 4 прэтэнзіі за несанкцыянаванае размяшчэнне адходаў на суму 37 400 рублёў.

Гэтыя сумы маглі застацца на балансе прадпрыемстваў і быць скарыстанымі на іх надзённыя патрэбы, але “гаспадары” вырашылі інакш. Мабыць, не ўсе ведалі, што шкодзіць прыродзе сёння не толькі непрыгожа, але і стратна: штраф заплаціць давядзецца і ўсё адно прыбраць за сабой.

Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлена Дзятлаўскай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga