Гэта было іскрыста, вогненна, феерычна! (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак

Напэўна, так скажа кожны, хто гэтым вечарам далучыўся да раённага свята. Разам з пажарным Дзедам Марозам дзятлаўчане запалілі агні на галоўнай ёлцы раёна.

Арганізатары свята пастараліся, каб яно стала па-сапраўднаму асаблівым і запамінальным. Сюрпрызы пачыналіся з самага старту: у святочнай калоне разам з Дзядамі Марозамі, Снягурачкамі і іншымі абаяльнымі казачнымі персанажамі, якія з’ехаліся з розных працоўных калектываў раёна, навагоднімі трубачамі Новаяльнянскага аркестра рухаліся па-навагодняму ўпрыгожаная спецтэхніка і аўтамабілі арганізацый Дзятлаўшчыны.

На плошчы 17 Верасня было надзвычай людна, у госці да дзятлаўчан завіталі Зіма, Снегавікі, Дзядуля Мароз, якому дапамаглі адрамантаваць чароўны посах артысты і госці свята. Разам з удзельнікамі студыі “Яркае свята для ўсіх” маленькія і дарослыя дзятлаўчане станцавалі флэш-моб, а некаму нават пашчасціла выйграць сімвал надыходзячых святаў – жывое навагодняе дрэва, прадастаўленае Дзятлаўскім лясгасам.
Для ўсіх аматараў яркага, смачнага і займальнага на плошчы працавалі гандлёвыя кропкі.

Кульмінацыяй вечара стала працэдура запальвання галоўнай прыгажуні Новага года – высокай упрыгожанай ёлкі. Гэту місію са “стралы” пажарнага аўтамабіля выканаў Дзед Мароз-ратаўнік – начальнік дзяжурнай змены Дзятлаўскага РАНС Аляксандр Шапуцька, а дзятлаўчане падтрымалі дружнымі карагодамі.

Урачыстасць прадоўжылася не менш эфектным вогненным шоу ад каманды “Базинга фаер” з горада Гродна і музычна-танцавальнай праграмай ад артыстаў раёна.

Уражаннямі ад свята і цёплымі пажаданнямі падзяліліся Дзяды Марозы і Снягурачкі навучальных і працоўных калектываў Дзятлаўшчыны. 
Антаніна Зайцава: 
– Вучуся ў школе № 1 горада Дзятлава, але сёння разам з майстрам Віктарам Удотам прадстаўляю Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, дзе працуе мая мама Іна Уладзіміраўна. У ролі Снягурачкі я выступаю ўпершыню, вельмі яркія ўражанні. Тут столькі Дзядоў Марозаў і Снягурачак, усе такія прыгожыя, сімпатычныя! Адчуваю сябе часцінкай нечага вельмі грандыёзнага. Прыемны шок, што ў Дзятлаве святкуюць так крута.
Віктар Удот: 
– Я прафесійны Дзед Мароз, шмат гадоў пастаянна ўдзельнічаю ў раённых шэсцях. Сёлета рады зноў бачыць усіх у зборы, разам са знаёмымі адкрываць святочную праграму. Дзятлаўчанам хочацца нагадаць: да Новага года засталося няшмат часу. Не марнуйце яго, лавіце кожнае імгненне навагодніх цудаў. А завадскі Дзед Мароз абавязкова завітае ў госці да шматдзетных сем’яў работнікаў нашага прадпрыемства.
Валерыя Жых, Дар’я Губко, Станіслаў Якаўчык, старшакласнікі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава: 
– З радасцю прымаем удзел у такім свяце, якое дадае ўсім навагодняга настрою. У школе часта ўдзельнічалі ў самадзейнасці, былі вядучымі на канцэртах, а ў раённым свяце ў вобразах казачных герояў упершыню. З нагоды надыходзячых Новага года і Калядаў жадаем усім школьнікам мужна і з добрымі вынікамі вытрымаць апошні тыдзень вучобы, яркіх канікулаў, цікавых прыгодаў і добрага настрою. Усім дзятлаўчанам – міру, утульнасці, яркіх момантаў і душэўнага цяпла.
Валерый Ішуцін і Таццяна Лагун: 
– Перадаём прывітанне і шчырыя пажаданні землякам ад калектыву Дзятлаўскага РУП ЖКГ. З Новым шчасцем, з Новым годам! Няхай абыдуць вас нягоды. Не бойцеся быць шчырымі, па-дзіцячы непасрэднымі, дарыце блізкім і знаёмым не толькі падарункі, а таксама цяпло сваіх сэрцаў і шчырыя ўсмешкі.
Калектыў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна: 
– Віншуем усіх з надыходзячымі светлымі святамі – Калядамі і Новым годам. Жадаем шчасця, здароўя, дабрабыту, удачы ва ўсім і заўжды, болей светлых дзён і ўсмешак. У новым годзе жадаем верыць у добрую казку і цуды, і яны абавязкова ўвойдуць у ваша жыццё. Няхай новы год стане часам добрых навінаў і падзей.

Наталля АВЯРЧУК
Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga