Дзелавы панядзелак. Сустрэць Новы год можна толькі годна правёўшы гэты

Важнае Улада

Арганізаваць бяспечныя ўмовы для правядзення святочных мерапрыемстваў і завяршыць усе вытворчыя справы бягучага года, каб з чыстым сумленнем, “без даўгоў” увайсці ў 2024 год – такая тэма была ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў штотыднёвай рабочай нарады ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Мішура на ёлцы і адкрыты агонь дрэнна сумяшчаюцца

З 11 снежня ў раёне праходзіць акцыя “Бяспечны Новы год”. Ратаўнікі праводзяць прафілактычную работу з дзецьмі і іх бацькамі, накіраваную на правільнае выкарыстанне піратэхнікі і гірляндаў, прадаўжаюць маніторынг аб’ектаў, дзе будуць праводзіцца дзіцячыя ранішнікі, дарослыя карпаратывы, культавыя мерапрыемствы.

Калі на Дзятлаўшчыне апошні тыдзень абышоўся без пажараў, то іншыя раёны і гарады не могуць пахваліцца такім бязвогненным супакоем. Напрыклад, звяртаючыся да вышэйазначаных прафілактычных мерапрыемстваў, у Мінску ў час карпаратыву ў кафэ пры вынасе ў святочную залу запаленых алкагольных напояў адбылося ўзгаранне ёлкі. Людзі не пацярпелі, памяшканне ж прыйдзецца рамантаваць.

Дарэчы, кіраўнік раёна заўважыў супрацоўнікам РАНС, што ў некаторых арганізацыях на сродкі пажаратушэння мала звяртаюць увагі, многія вуаліруюць вогнетушыцелі, хаваюць за дзверы, выступы, каб іх не было бачна, – гэта катэгарычна няправільна.

Навагоднія дрэвы ў пасёлках павінны быць не менш прыгожыя

У працяг тэмы святочнага ўбранства. Старшыня райвыканкама падзякаваў усім арганізатарам і ўдзельнікам цырымоніі запальвання агнёў на галоўнай ёлцы раёна, якая адбылася 15 снежня. І дадаў, што на гэтым упрыгожанне будынкаў прадпрыемстваў, плошчаў, навагодніх дрэваў у іншых населеных пунктах Дзятлаўшчыны яшчэ прадоўжыцца на гэтым тыдні. Адзначыў, што вельмі старанна да гэтага падышлі ўстановы адукацыі. Таксама Андрэй Уладзіміравіч заклікаў усіх жадаючых паўдзельнічаць у раённым конкурсе на лепшае афармленне прыватных падворкаў, прадпрыемстваў, установаў. У гэтым годзе зменены ўмовы конкурсу: павялічана колькасць намінацый і прызавых месцаў.

Ужо рамантуюць тэхніку да палявых работ

На календары снежань, і гараджанам здаецца, што да вясны яшчэ далёка. Аднак у вяскоўцаў іншае меркаванне. Яны кіруюцца народнай мудрасцю: рыхтуй сані летам, а калёсы зімой.

Да пастаноўкі тэхнікі на зімовае захоўванне і навядзення парадку на тэрыторыі ўсе дзятлаўскія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы паставіліся адказна. Што датычыцца рамонту глебаапрацоўчай тэхнікі, самым дысцыплінаваным і актыўным было названа на нарадзе КСУП “Хвінявічы”, дзе работы вядуцца па вызначаным графіку, ёсць дакладны расклад па ўсіх відах тэхнікі, забяспечаны належны кантроль кіраўніцтва.

Таксама шмат увагі зараз надаецца рабоце на фермах.

Як падкрэсліў Андрэй Садоўскі, па вытворчасці малака дынаміка па раёне станоўчая, зімоўка праходзіць лёгка, усе ўмовы для жывёлы створаны. Па асобных гаспадарках ёсць невялікія заўвагі, але іх можна і неабходна выправіць.

Аб чым пагаварыць з дзецьмі?

Пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго завастрыў увагу прысутных на арганізацыі бяспекі дзяцей у час зімовых школьных канікулаў. Па статыстыцы часцей за ўсё надзвычайныя сітуацыі, галоўнымі “героямі” якіх становяцца непаўналетнія, здараюцца з імі, калі яны застаюцца сам-насам. Таму першае, пра што дарослыя павінны паклапаціцца напярэдадні канікулаў, а яны пачнуцца з 24 снежня 2023 года і будуць доўжыцца да 7 студзеня 2024 года, – падумаць пра тое, з кім застануцца дзеці, пакуль вы будзеце адсутнічаць дома. Другі момант, на якім неабходна засяродзіць увагу, – прагаварыць з імі магчымыя небяспечныя сітуацыі і спосабы выхаду з іх. Трэцяе – адказным службам абмежаваць доступ да пустуючых неэксплуатуемых будынкаў, якасна абследаваць прыватныя домаўладанні і трымаць гэта на пастаянным кантролі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga