Геаграфічнае становішча Беларусі – цэнтр Еўропы. На працягу стагоддзяў тут сутыкаліся палітычныя інтарэсы розных краін, таму гісторычнае фарміраванне вызначанай тэрыторыі ішло складана.
Амаль да сярэдзіны 60-х гадоў XX стагоддзя землі, занятыя беларускай этнічнай групай, неаднаразова перажывалі “перакройванне” граніц. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года пад уплывам складаных гістарычных працэсаў 1 студзеня 1919 года была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь (ССРБ). Аднак ужо праз 2 месяцы яна была аб’яднана з Літоўскай Савецкай Рэспублікай у новаўтварэнне Літбел. Хутка і яно перастала існаваць з-за польскай акупацыі, а пасля заканчэння савецка-польскай вайны ў 1920 годзе рэспубліка зноў з’явілася на карце. Са снежня 1922 года яна была перайменавана ў Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку – састаўную частку СССР.
Калі разглядаць працэс больш дэталёва, то ў 20-х гадах мінулага стагоддзя адбылося істотнае змяненне граніц Беларусі. У 1919 годзе правінцыі Магілеў, Віцебск, Смаленск далучаны да Савецкай Расіі. У рамках Рыжскага мірнага дагавора 1921 года тагачасная тэрыторыя Беларусі была падзелена на ІІ часткі. Заходняя Беларусь плошчай 108 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам 4,6 мільёна чалавек стала часткай Польшчы. У саставе БССР засталося ўсяго 6 паветаў Мінскай губерніі, плошча рэспублікі скарацілася да 52 тысяч квадратных кіламетраў.
Пасля вяртання 15 паветаў Віцебскай, Магілёўскай, Смаленскай губерній у сакавіку 1924 года, Гомельскай і Рэчыцкай акругаў у снежні 1926 года плошча БССР дасягнула 125 тысяч квадратных кіламетраў, насельніцтва – 5 мільёнаў чалавек. Наступнае ўдакладненне граніц Беларусі адбылося ў 1930-1940 гадах: у верасні 1939 года землі Заходняй Беларусі ўвайшлі ў БССР, у кастрычніку таго ж года частка тэрыторыі Віленскага краю, сярод жыхароў якога пераважалі беларусы, была далучана да Літвы. У 1944 годзе да Польшчы адышлі 20 раёнаў Беластоцкай і Брэсцкай абласцей. У 1964-м адбылося ўдакладненне граніц паміж Смаленскай і Магілёўскай абласцямі, пасля чаго дзяржаўныя граніцы Беларусі не мяняліся.
Затое прайшло адміністрацыйнае дзяленне. Яго ажыццяўляюць практычна ўсе дзяржавы, і звязаны гэты працэс з удасканаленнем кіравання сацыяльна-эканамічным развіццём як асобных рэгіёнаў, так і краіны ў цэлым. Кожная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка мае мясцовыя органы ўлады, якія падпарадкоўваюцца больш буйным. У розных дзяржавах такое дзяленне адбываецца па-свойму, напрыклад, у ЗША і Бразіліі – штаты, Германіі – землі, Польшчы – ваяводствы. У Савецкім Саюзе ў 1924 годзе была ўкаранёна новая сістэма адміністрацыйнага дзялення: замест губерній і ўездаў – акругі і раёны, якія дзяліліся на сельсаветы. Так, Беларусь складалі 10 акругаў, 100 раёнаў, каля 1200 сельсаветаў. У 1930-х гадах сістэма неаднаразова мянялася, у 1938 годзе была ўведзена новая адзінка – вобласць: было створана 5 абласцей і 90 раёнаў, а пасля аб’яднання з Заходняй Беларуссю іх колькасць павялічылася да 10 абласцей і 191 раёна. Змяненні адбываліся да 60-х: існавалі Вілейская, Пінская, Палеская, Баранавіцкая, Бабруйская, Полацкая, Маладзечанская вобласці.
Сучаснае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне Рэспублікі Беларусь “успадкавана” ад БССР і складаецца з абласцей, раёнаў, сельскіх або гарадскіх саветаў. На цяперашняй карце Беларусі 6 абласцей: Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская, якія складаюць 118 раёнаў. Апошнім у 1989 годзе быў адноўлены Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці, што было выклікана перасяленнем сюды жыхароў з пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторый.
Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК
Фота з адкрытых крыніц
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga