Час работы выбарчых участкаў зменіцца

Важнае Улада

Аб гэтым і другіх важных новаўвядзеннях выбарчай кампаніі-2024 работнікі Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў даведаліся ў час сустрэчы з намеснікам старшыні райвыканкама, дэпутатам раённага Савета дэпутатаў Вадзімам Бяляткам і начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольгай Рагачовай.

Калектыў установы пазнаёмілі таксама з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскага раёна.

Вадзім Аляксандравіч адзначыў, што эканоміка Дзятлаўшчыны сёлета спрацавала стабільна і эфектыўна:

– У існуючых няпростых умовах санкцыйнага ўздзеяння і іншых негатыўных фактарах фінансавыя паказчыкі работы нашых прадпрыемстваў маюць станоўчую дынаміку, практычна па ўсіх сектарах эканомікі ўнесены істотны ўклад у раённую скарбонку, – адзначыў ён.

 

Вольга Мікалаеўна засяродзіла ўвагу прысутных на этапах выбарчай кампаніі і важных новаўвядзеннях, да якіх трэба ставіцца максімальна ўважліва.

Сярод іншага – новы рэжым работы выбарчых участкаў у час датэрміновага галасавання. З 20 па 24 лютага можна будзе аддаць свой голас за абраных кандыдатаў датэрмінова на сваім выбарчым участку з 12 да 19 гадзін. Галасаванне на даму будзе ажыццяўляцца толькі ў асноўны дзень выбараў – 25 лютага.

У час сустрэчы паступіла пытанне наконт утрымання аўтамабільных дарог, на якое станоўчы адказ даў сам намеснік кіраўніка раёна. Таксама Вадзім Аляксандравіч павіншаваў калектыў інтэрната з навагоднімі святамі, пажадаў усім здароўя, міру, дабрабыту і ўдачы ў надзённых справах.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: