Другі год запар у Беларусі з ініцыятывы кіраўніка дзяржавы праводзіцца дабрачынная акцыя “Ад усёй душы”. Яна заклікана падарыць увагу, падтрымку і святочны настрой адзінокім пажылым людзям.
У рамках акцыі на Дзятлаўшчыне ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў гарадскога пасёлка Казлоўшчына Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прайшло святочнае мерапрыемства для насельнікаў гэтай установы.
Варта адзначыць, што наша дзяржава заўсёды клапоціцца аб уразлівых катэгорыях насельніцтва, шмат увагі ім надаецца і на Дзятлаўшчыне. Напрыклад, сёлета з раённага бюджэту для казлоўшчынскага аддзялення былі выдзелены 30 тысяч рублёў. За гэтыя сродкі тут заменены ўсе ложкі і матрацы, набыты шафы, тэлевізар і камп’ютары, абноўлена мэбля. Гэта робіцца для таго, каб 25 чалавек, якія тут знаходзяцца, адчувалі сябе як дома – утульна і камфортна.
Каб падзяліцца з імі яшчэ і цеплынёй сэрцаў, шчырай увагай у рамках акцыі з падарункамі і віншаваннямі ў аддзяленне завіталі намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вадзім Бялятка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, яна ж старшыня раённай арганізацыі ГА “БСЖ” Алена Васкель, дырэктар ЦСАН Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Казлоўшчына протаіерэй Георгій Ярмоліч, кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў, валанцёры, работнікі Казлоўшчынскага дома культуры.
– У навагоднія святы ўвагі заслугоўваюць не толькі дзеці, але і пажылыя людзі, – адзначыў Вадзім Бялятка. – Беларусы заўсёды гатовы дапамагаць асабліва тым, хто найбольш мае ў гэтым патрэбу. За шмат гадоў гэта пацвердзіла акцыя “Нашы дзеці”, а ў 2023 годзе з ініцыятывы Прэзідэнта Беларусі стартаваў яшчэ адзін дабрачынны праект – “Ад усёй душы”, які таксама становіцца ўсебеларускай традыцыяй. У рамках акцыі на Дзятлаўшчыне для пажылых людзей у сацыяльных установах, аддзяленнях сястрынскага догляду, на даму пройдуць шматлікія мерапрыемствы, каб падарыць цяпло і веру ў навагоднія цуды. Першымі віншаванні прымаеце вы. Няхай 2024 год будзе для вас шчаслівым, здароўя, бадзёрасці духу, спаўнення жаданняў.
Ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вадзім Бялятка перадаў для аддзялення падарунак.
З надыходзячым Нараджэннем Хрыстовым насельнікаў аддзялення павіншаваў, уручыў салодкія пачастункі, пажадаў міру і цярпення і протаіерэй Георгій Ярмоліч.
– Няхай гэта маленькая часцінка цяпла, якую мы пастараліся перадаць вам, сагравае на працягу ўсіх святаў, – далучыліся да цёплых пажаданняў дырэктар ТАА “Панэкспа” Павел Сазон і дырэктар КУП “Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм” Віктар Адамчык.
Кожнаму з жыхароў аддзялення яны ўручылі салодкія падарункі і садавіну.
– Вельмі прыемна бачыць вас здаровымі, прыгожымі і ў добрым настроі, – перанялі віншавальную эстафету лідары раённай і пярвічнай арганізацый Беларускага саюза жанчын Алена Васкель і Тамара Буяк. – Цудоўна, што ў Беларусі з’явілася акцыя і для пажылых людзей, бо выхаванне падрастаючага пакалення ў многім залежыць ад стаўлення да старэйшых. Дабрабыту вам і светлых цёплых дзён, няхай іх яшчэ больш упрыгожаць нашы падарункі.
Не абышлося свята і без Дзеда Мароза і Снягурачкі пад песні якіх жыхары аддзялення пусціліся ў пляс, самі паспявалі песні “пад ёлачку”, пачыталі вершы і атрымалі за гэта салодкія прызы, а з дапамогай “чароўнай рукавічкі” выказалі свае пажаданні.
За шчырасць і добрыя словы гасцям і жыхарам аддзялення падзякавала Таццяна Нікіпорчык. Яна пажадала ўсім і надалей рабіць дабро і верыць у яго, шчодра дарыць надзею іншым людзям.
На гэтым афіцыйная частка сустрэчы скончылася, але яе прадоўжылі сардэчныя размовы, бо многія з гасцей сустрэлі ў аддзяленні сваіх знаёмых і землякоў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga