Пабывалі ў Баранавічах
Навучэнцы 5-7 класаў Казлоўшчынскай сярэдняй школы пабывалі на экскурсіі ў Баранавічах. Аб’ектамі яе сталі: 61 знішчальная авіябаза, дзе шмат гадоў працуе Музей баявой славы імя Героя Беларусі Уладзіміра Карвата, які ў маі 1996 года, выконваючы вучэбны палёт, прадпрыняў усе меры, каб адвесці падаючы палаючы самалёт у бок ад населеных пунктаў; Музей Героя Савецкага Саюза Георгія Халасцякова ў сярэдняй школе № 9, ураджэнца Баранавічаў, віцэ-адмірала флота.
Зноў засвяціла “Сонейка”
У Жукоўшчынскай базавай школе ў лагеры “Сонейка” адпачываюць 16 хлопчыкаў і дзяўчынак. Праграма лагера рознабаковая: калектыўныя творчыя справы, квэст-гульні, пазнавальныя экскурсіі, TikTok чэленджы, конкурсы, гульнявыя і забаўляльныя праграмы. У Дзень новых адкрыццяў выхаванцы лагера адправіліся ў музей сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, дзе пазнаёміліся з інтэр’ерам вясковай хаты другой паловы XX стагоддзя. Асаблівую цікавасць выклікала калекцыя акамянеласцяў, знойдзеная вучнем 8 класа школы. Затым адправіліся на экскурсію ў пажарную аварыйна-выратавальную часць № 1 горада Дзятлава, а таксама ў музей “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы.
З “Усмешкай” хмуры дзень цяплейшы
Выхаванцы лагера “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава ў Дзень дабрыні сустрэліся з па-сапраўднаму добрымі людзьмі: фельчарам школы Аленай Якаўчык, якая расказала ім пра прафілактыку траўматызму; кіраўніком школьнага музея “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы Тамарай Крывеня; айцом Алексіем у саборы навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай горада Дзятлава, які вучыў дзяцей суадносіць свае ўчынкі з патрабаваннямі вечных каштоўнасцяў. Акрамя гэтага, прынялі ўдзел у квэсце “Музыкаград”, папрацавалі ў творчай майстэрні “Папяровыя фантазіі”, дзе стварылі сваімі рукамі прыгожыя сумачкі для сваіх матуляў.
Канікулы з карысцю
Прадстаўнікі валанцёрскага атрада 9 класа і цімураўскага атрада 6 класа Гезгалаўскай сярэдняй школы прынялі ўдзел у навядзенні парадку на замацаваных тэрыторыях-месцах памяці – абеліску аграгарадка Гезгалы і помніку землякам у вёсцы Нагародавічы, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Для навучэнцаў 1-5 класаў у школе функцыянуе аздараўленчы лагер “Эколаг”, а вучні 6-10 класаў прымаюць удзел у анлайн-праекце “Даходліва: аб каштоўнасці твайго здароўя”, які дыстанцыйна рэалізуецца на канікулах у рамках школьнага праекта “КАП – Клуб Адказных Падлеткаў”.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga