Ужо даўно не навіна, што турысты і госці Беларусі адзінагалосна адзначаюць утульнасць і чысціню ва ўсіх населеных пунктах нашай краіны, дзе ім даводзілася пабываць.
Не выключэнне роднае Дзятлава, якое ўражвае не толькі славутасцямі і цікавымі гісторыямі, але і парадкам на вуліцах, у дварах і парках. Сакрэт беларускага дабрабыту раскрылі ў Дзятлаўскім РУП ЖКГ: добраўпарадкаваннем тут займаюцца паступова, але бесперапынна, на працягу ўсяго года, гібка рэагуючы на запатрабаванні людзей і стан населеных пунктаў.
Сёлета сіламі камунальнікаў памяняўся да лепшага двор шматпавярховай забудовы па вуліцы Кірава ў райцэнтры. На выкананне бягучага рамонту былі выдзелены сродкі з раённага бюджэту.
Аб праведзеных работах і іх выніках расказаў намеснік дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктар Дзедуль:
– Участак дваровай тэрыторыі па вуліцы Кірава каля дамоў № 7 і 9 меў патрэбу ў добраўпарадкаванні, мерапрыемствы былі ўнесены ў перспектыўны план яшчэ ў 2021 годзе. Сёлета мы праводзілі бягучы рамонт на самой вуліцы, да якога далучылі таксама і рамонт названага аб’екта.
Як адзначыў Віктар Станіслававіч, перад камунальнікамі стаяў рад задач, якія неабходна было вырашыць. Першаступенная – перанакіраваць паток дажджавой вады, каб ён не ішоў у агароды на прыватных падворках, а трапляў непасрэдна на вуліцу. Каб рэалізаваць гэта, камунальнікі зрабілі падсыпку, павысіўшы ўзровень самой пляцоўкі больш чым на паўметра, выраўнялі, выставілі бартавы камень, залілі каля 120 квадратных метраў адмосткі па перыметры дамоў, паклалі 140 “квадратаў” тратуара з пліткі, заклалі латкі для адводу вады, ліўнёўкі.
На аб’екце працавала будаўнічая брыгада Дзятлаўскага РУП ЖКГ, асфальтаванне тэрыторыі плошчай 711 квадратных метраў выканала ДРБУ-119. Таксама былі добраўпарадкаваны паркоўка і пляцоўка пад кантэйнеры для раздзельнага збору смецця.
Цяпер камунальнікі робяць апошнія штрыхі – устанаўліваюць каналізацыйныя люкі, каб здаць жыхарам двара аб’ект “пад ключ”.
У 2024 годзе добраўпарадкаванне двара будзе прадоўжана ў раёне дома № 11 па вуліцы Кірава.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga