Візіт дабрыні

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Каб перажыць асеннія халады, не шкадуйце душэўнай цеплыні адзін для аднаго”, – раяць псіхолагі.

У гэты час работнікі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства чарговы раз завіталі да сваёй былой работніцы, 97-гадовай працаўніцы тылу Марыі Цімафейчык, каб перадаць ёй 200 кілаграмаў бульбы.

– Яна не адно дзесяцігоддзе прысвяціла спажывецкай кааперацыі раёна, працавала бухгалтарам. Жанчына і сёння з’яўляецца членам нашага галіновага прафсаюза, – расказвае старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі філіяла Святлана Дзяхцевіч. – Наведваем нашу паважаную калегу некалькі разоў на год, віншуем з Днём Перамогі, дапамагаем запасціся агароднінай на зіму. Марыя Якаўлеўна заўжды сустракае нас каля брамкі, рада пагутарыць з гасцямі. Мы з першых вуснаў ведаем няпростую гісторыю яе жыцця, пранізаную Вялікай Айчыннай вайной.

Ваеннае ліхалецце забрала ў жанчыны практычна ўсю сям’ю. У першыя дні вайны ў Брэсцкай крэпасці загінуў яе брат, не дажыла да Вялікай Перамогі і яе мама. Юная Марыя да канца вайны працавала ў горадзе Мураме Уладзімірскай вобласці на заводзе № 253, дзе рабіла снарады і запалы да гранатаў для савецкіх войскаў. Працаўніца тылу памятае страшнае пачуццё холаду, які даводзілася трываць гадзінамі, неверагоднае шчасце ад кавалка хлеба, якога работнікам завода выдавалі больш, чым іншым гараджанам, але і той з’ядалі вельмі хутка.

Пасля вайны жанчына не змагла вярнуцца ў родныя мясціны на Смаленшчыну, бо яе дом быў спалены фашыстамі. Тады не пакінулі ў бядзе, прытулілі сваякі з Беларусі. Далейшае яе жыццё звязана з Дзятлаўскім раёнам, дзе Марыя Якаўлеўна пазнаёмілася з будучым мужам, стварыла сям’ю, тут нарадзіліся яе дзеці. За мяккі характар, разважлівасць і мудрасць, якія заўсёды адрознівалі Марыю Цімафейчык, яе паважалі калегі і аднавяскоўцы ў вёсцы Малдавічы. Некалькі гадоў таму з-за праблем са здароўем жанчына не змагла жыць адна, пераехала да дачкі ў аграгарадок Дзераўная Слонімскага раёна. Візіты ад калег-землякоў з’яўляюцца заўсёды прыемным сюрпрызам, напамінам аб Дзятлаўшчыне, якая стала для жанчыны роднай.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga