Працоўны тыдзень пасля вялікіх выхадных пачаўся з серады, аднак ён не абышоўся без традыцыйнай рабочай нарады ў старшыні райвыканкама.
Чатыры бліжэйшыя дні, а субота таксама стане рабочай (адпрацоўваем перанос за 6 лістапада), чакаюцца актыўнымі, бо трэба своечасова выканаць усё раней запланаванае. Пра надзённыя задачы і клопаты вялася размова на нарадзе.
Што ў цэнтры ўвагі экстранных службаў?
Мінулы тыдзень на Дзятлаўшчыне прайшоў без вогненных здарэнняў. А вось спецыялістам раёна электрасетак у аўторак работы дадаў вецер: з-за падзення дрэва былі абясточаны населеныя пункты ў Жукоўшчынскім сельсавеце. Электразабеспячэнне аднавілі ўжо праз некалькі гадзін.
На Дзятлаўшчыне стартавала рэспубліканская акцыя МНС “Не прапальвай сваё жыццё”, у час яе асаблівая ўвага надаецца асобам, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, і тым, хто дазваляе сабе курэнне ў жылых памяшканнях. Адначасова прадаўжаецца дзейнасць аглядавых камісій, адбылося пасяджэнне рабочай групы: у фокусе ўвагі адзінокія пажылыя людзі і тыя, якія жывуць адзінока, сем’і ў сацыяльна ненадзейным становішчы, асобы асацыяльнага ладу жыцця.
У ліку крымінальных здарэнняў мінулага тыдня зарэгістравана малахарактэрнае для нашага раёна – “за абарот наркатычных сродкаў”: жыхар аднаго з аграгарадкоў захоўваў марыхуану. У “лідарах” жа сярод злачынстваў па-ранейшаму застаюцца крадзяжы асабістай маёмасці – іх учынена тры.
Сельская гаспадарка, соцыум, камунальная сфера
Набліжаюцца да завяршэння ўсе работы на палетках. Даўбіраць цукровыя буракі засталося КСУПам “Хвінявічы”, “Жукоўшчына”, “Войневічы”, дажаць кукурузу на зерне – таварыствам з абмежаванай адказнасцю і філіялу “АграМілк”. На кантролі ў раёне застаюцца такія віды сезонных работ, як узняцце зябліва, пастаноўка сельгастэхнікі на захоўванне, уборка з палёў саломы, хімпраполка, падрыхтоўка фермаў да зімовага стойлавага перыяду.
Значная ўвага, і не толькі ў сельскай галіне, надаецца зносу невыкарыстоўваемых будынкаў і збудаванняў: да канца года трэба паспець укласціся ў графік і вызначыцца з новым планам: што ліквідаваць, а што прадаць у наступным годзе.
Адразу на некалькіх аб’ектах раёна да завяршальнай стадыі набліжаюцца капітальныя рамонты і будаўнічыя работы, здаць іх мяркуецца ў канцы лістапада-пачатку снежня. Сярод найбольш чакаемых – ферма “Еленка” ААТ “Граніт-Агра”.
Прадаўжаюцца і дарожна-рамонтныя работы, многія ўчасткі ўжо адрамантаваны, будзе падсыпаны гравійны ўчастак у Малых Шастаках, патрабуе ўвагі дарога Лапушна – Зарой, на кантролі – участак у Хадзяўлянах. У Дзятлаве доўжыцца ямачны рамонт, які ўжо зроблены на вуліцах Чапаева, Кірава, Перамогі.
У наступным годзе Беларусь адзначыць 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У рамках падрыхтоўкі да юбілейнай даты будзе прадоўжана добраўпарадкаванне помнікаў і памятных месцаў, пошукавая работа па ўвекавечанні імёнаў загінулых. На Дзятлаўшчыне асноўную ўвагу мяркуецца надаць помнікам у вёсках Трахімавічы і Дубраўка, а таксама пахаванню ва ўрочышчы Цагельня.
Іншыя тэмы коратка
У вёсцы Малдавічы з’явіцца музей народнага побыту.
Установы адукацыі раёна паспяхова прынялі ўдзел у конкурсе даследчых работ навучэнцаў “Крыштальная Альфа”, з 11 заяўленых прызавыя дыпломы атрымалі 7 работ (на 2 больш, чым летась): 3 узнагароды – у вучняў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, 2 – у гімназістаў, па адной – у навучэнцаў з Наваельні і Вензаўца.
10 лістапада ў Дзятлаве адбудзецца традыцыйная сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна.
17 лістапада 100 гадоў з дня свайго ўтварэння адзначыць служба ўчастковых інспектараў, а на гэтым тыдні адбудзецца ўшанаванне ветэранаў міліцыі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga