11 ліcтапада, калі дрэвы скідваюць апошняе лісце і прыспеў час прыбраць гэты мяккі дыван, дзятлаўчане актыўна ўключыліся ў восеньскія мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі, якія сёлета праходзяць пад сімвалам Года міру і стварэння.
У дзень суботніка ў розных лакацыях горада кіпіць работа: адны працоўныя калектывы прыбіраюць замацаваныя за імі гарадскія аб’екты, другія – наводзяць парадак на тэрыторыі, прылеглай да адміністрацыйных будынкаў, аднак стараюцца і актыўнічаюць усе. Кожнаму хочацца, каб штораніцы горад, дзе яны жывуць, сустракаў чысцінёй і прыгажосцю.
Рыхтуючы рэпартаж, на жаль, удалося пабываць далёка не ва ўсіх месцах, дзе землякі прыбіраюць апошняе “золата восені”, выдаляюць хмызнякі, сухія галіны, падкошваюць траву, падмятаюць тратуары, вывозяць смецце. Тым не менш, пра самыя “працаёмкія” аб’екты даведаліся больш падрабязна.
Каля палаца Радзівілаў шчыруюць работнікі раённай бібліятэкі.
– Мы, бібліятэкары, імкнёмся захаваць нашы культурныя і гістарычныя традыцыі, таму сімвалічна, што наводзім парадак менавіта тут, – адзначыла прафсаюзны лідар установы Марына Бортка. – Наша Дзятлава сапраўды вельмі прыгожае, і мы выйшлі папрацаваць, каб яно стала яшчэ больш прывабным, каб людзям было прыемна прагульвацца, у тым ліку міма палаца Радзівілаў. Радуе, што і надвор’е спрыяе, таму наш дружны калектыў з задавальненнем уключыўся ў суботнік.
Яшчэ адзін значны аб’ект, дзе шмат апалай лістоты і хмызнякоў, – сквер па вуліцы Слонімскай на ўездзе ў горад. Са сваёй тэхнікай тут працуюць калектывы ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, ДРБУ-119, Дзятлаўскага раёна электрасетак.
– Наша задача – выдаліць хмызнякі і сухія галіны, для чаго выкарыстоўваем бензапілу і бензатрымер, а таксама вывезці лісце, – расказаў начальнік Дзятлаўскага раёна электрасетак Міхаіл Ступчык. – Улічваючы, што ў гэтай зоне ёсць яшчэ і наша лінія на 10 тысяч вольт, мы з дапамогай дыскавай бараны БНД правялі заворванне паласы пад ёй, далей усё будзе выраўнена, зробім акуратна, як на полі. Лічу, што ў любога гаспадара, як і ўсюды, павінен быць парадак.
На другім канцы райцэнтра па вуліцы Кастрычніцкай на тэрыторыі старых яўрэйскіх могілак падкошваюць і выдаляюць хмызнякі ратаўнікі, аб’ект таксама немалы, таму ў хуткім часе да работ на ім павінны прыступіць яшчэ і камунальнікі.
– Могілкі раздзелены паміж арганізацыямі, у тым ліку частка замацавана за нашай, – адзначае начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык. – Вывезці смецце і галіны сваёй тэхнікай дапамогуць камунальнікі, а ратаўнікі “ўзброіліся” бензакасой і інструментамі для высечкі.
Усё па той жа вуліцы Кастрычніцкай, толькі бліжэй да цэнтра, у скверы каля помніка У. І. Леніну наводзяць парадак калектывы Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
– Мы заўжды гатовы далучыцца да добрых справаў, – падкрэслівае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі Галіна Касцюк. – Хочацца, каб Дзятлаўшчына была прыгожай, мы рады паспрыяць гэтаму. Часта выходзім наводзіць парадак на прылеглай да Цэнтра тэрыторыі, калі ж запрашаюць на іншыя аб’екты, таксама адгукваемся. Лістапад – месяц для навядзення чысціні, і вельмі зручна, што выдалася яшчэ і рабочая субота. Папрацуем разам, каб потым любавацца горадам.
Яшчэ адно з папулярных месцаў у райцэнтры – гарадскі парк. Тут любяць адпачываць і пенсіянеры, і матулі з каляскамі, а каля мемарыяла ладзяцца памятныя патрыятычныя мерапрыемствы. Дзе шмат цяністых дрэваў, там шмат апалага лісця, таму на ўборку аб’екта выйшаў самы вялікі працоўны дэсант. Гэта работнікі райвыканкама, фінансавага аддзела, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, аддзела статыстыкі, Белдзяржстраху, раёна газазабеспячэння, камунальнікі.
– У суботніку задзейнічаны арганізацыі нашага горада, – адзначае намеснік начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Васіль Мудры. – Такім чынам сваёй працай у Год міру і стварэння мы ўносім асабісты ўклад у навядзенне парадку. Работа не цяжкая, аднак яна нясе карысць грамадству. Лічу, што кожны чалавек павінен падтрымліваць у чысціні не толькі сябе, але і навакольнае асяроддзе, горад, месца жыхарства. Тым больш што на суботнікі выходзім калектывам, з добрым настроем, разам можна абмеркаваць і рабочыя моманты, і асабістыя. Гэта цудоўная традыцыя, будзем яе падтрымліваць і надалей.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga