На Дзятлаўшчыне ў Год міру і стварэння стала больш на яшчэ адзін сучасны спартыўны аб’ект.
Напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі на базе Новаяльнянскай сярэдняй школы адкрыта шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка, пабудаваная ў рамках рэалізацыі маштабнага праекта “Спорт для ўсіх”, ініцыіраванага Прэзідэнцкім спартыўным клубам.
Удзел ва ўрачыстай цырымоніі прынялі прадстаўнікі адміністрацыі раёна, гарпасёлка, сфераў адукацыі, спорту і турызму, ідэалогіі, педкалектыў, школьнікі, жыхары Наваельні.
– Стала добрай традыцыяй напярэдадні святаў адкрываць сацыяльна значныя аб’екты, цудоўна, што і ў нас зноў ёсць такая магчымасць, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Рэалізаваць праект па будаўніцтве варкаўт-пляцоўкі ўдалося, дзякуючы Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу, частка сродкаў была выдзелена з раённага бюджэту. Наперадзе – адкрыццё яшчэ двух сацыяльна значных аб’ектаў ужо ў горадзе Дзятлаве. Нягледзячы на санкцыі і забароны, эканоміка Беларусі і рэгіёна працуе стабільна, дакладна, рытмічна, ёсць фінансавая магчымасць для рэалізацыі падобных праектаў. У Новаяльнянскай сярэдняй школе ў гэтым годзе зроблена шмат: мы ажыццявілі таксама 2 пускавыя комплексы рамонту без выкарыстання сродкаў Міжнароднага банка развіцця. За набытае спартыўнае абсталяванне дзякуем Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу, за ўвагу да развіцця спорту ў раёне і сельскіх населеных пунктах – упраўленню спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама і яго начальніку Максіму Малахоўскаму. Мяркую, традыцыя супрацоўніцтва будзе прадоўжана, ёсць планы і на наступны год. Новаяльнянскія навучэнцы дастойныя такога падарунка, бо праслаўляюць наш раён актыўнасцю ў творчых і навуковых конкурсах. Жадаю ім, каб да гэтага дадаліся яшчэ і спартыўныя поспехі, бо асноўны прыярытэт нашай дзяржавы – развіццё інтэлектуальнага і здаровага чалавека.
Кіраўнік раёна ў якасці падарунка ўручыў дырэктару Новаяльнянскай сярэдняй школы Алене Кругловай грашовы сертыфікат на 20 тысяч рублёў на рамонтныя работы ва ўстанове.
– Без належных умоваў займацца спортам і дасягаць высокіх вынікаў складана, – прадоўжыў тэму начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Максім Малахоўскі. – Таму я вельмі рады, што ў Наваельні з’явілася шматфункцыянальная вулічная спартыўная пляцоўка. Спадзяюся, яна ніколі не будзе пуставаць і сюды стануць прыходзіць і дзеці, і дарослыя, каб займацца фізкультурай і спортам, умацоўваць сваё здароўе, бо такія заняткі спрыяюць і інтэлектуальнаму развіццю. На 2024 год ёсць планы зрабіць яшчэ рад спартыўных аб’ектаў, магчыма, больш маштабных. Наогул у гэты дзень на Гродзеншчыне адкрываецца 3 пляцоўкі: у Наваельні, Юрацішках, Мастах. Усяго па праграме Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў Прынёманні мяркуецца ўвесці ў эксплуатацыю 17 такіх аб’ектаў. Гэта мы робім для моладзі, няхай у яе фарміруецца мода на спорт. Спадзяюся, што мы заклалі чарговую цаглінку ў магутны падмурак здароўя нацыі. Магчыма, хто-небудзь з прысутных школьнікаў вырасце вялікім спартсменам і пад гукі нацыянальнага гімна ўзыдзе на п’едэстал гонару Алімпійскіх гульняў ці чэмпіянату Свету. Памятайце, што шлях да вялікага спорту пачынаецца менавіта з такіх пляцовак, з фізкультуры, са здаровага ладу жыцця.
– Упэўнена, што новая пляцоўка будзе карысная не толькі для школьнікаў, але і для любога жыхара і госця пасёлка, – падзякавала ад імя новаяльнянцаў за падтрымку і фінансаванне Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу і раённай уладзе старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч. – Праект “Спорт для ўсіх” важны і патрэбны, таму, спадзяюся, ён будзе рэалізаваны ў поўнай меры.
Традыцыйную чырвоную стужку на ўваходзе на спортпляцоўку перарэзалі Андрэй Садоўскі, Аляксандр Бараноўскі і Максім Малахоўскі. А паколькі ўсякая добрая справа пачынаецца яшчэ і з малітвы, то яе ўзнёс разам з прысутнымі і асвяціў новы спартыўны аб’ект настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Наваельня протаіерэй Валерый Мануйла.
Права першага кідання мяча ў баскетбольнае кальцо новаяльнянцы прадаставілі госцю – Максіму Малахоўскаму. На гэтым урачыстая цырымонія скончылася, аднак хочацца спадзявацца, што шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка падорыць усім, хто будзе яе наведваць, шмат прыемных і карысных для здароўя хвілін.
Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара і Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga