Што ў Беларусі лічыцца экстрэмізмам і якія пакаранні?

Важнае Здарэнні і бяспека

У беларускае заканадаўства закладзена нарматыўная база, скіраваная на супрацьдзеянне экстрэмізму і тэрарызму, недапушчэнне рэабілітацыі нацызму.

На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна толькі за бягучы перыяд 2023 года ўзбуджана 9 крымінальных справаў гэтай катэгорыі, 8 злачынстваў раскрыта, асобы ўстаноўлены і асуджаны або аб’яўлены ў міжнародны вышук, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 2 чалавекі.

За якія дзеянні можа надысці крымінальная адказнасць, расказаў оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку АУС Дзятлаўскага райвыканкама Дзяніс Сабалеўскі:

– Арышт, або абмежаванне волі да 4 гадоў, або пазбаўленне яе на той жа тэрмін са штрафам ці без прадугледжаны за распаўсюджванне заведама лжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным, міжнародным становішчы Беларусі, прававым становішчы яе грамадзян, звестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь.

За публічную абразу прадстаўніка ўлады з-за выканання ім службовых абавязкаў – штраф, або арышт, або абмежаванне волі да 3-х гадоў са штрафам, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін са штрафам.

Да крымінальных парушэнняў адносіцца і фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання праз прадастаўленне або збор грашовых сродкаў, каштоўных папер, іншай маёмасці. Вынікам падобных дзеянняў будзе арышт, або абмежаванне волі да 5 гадоў, або пазбаўленне волі ад 5 да 8 гадоў са штрафам.

За публічныя заклікі да арганізацыі, правядзення незаконнага сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання або ўцягванне ва ўдзел у гэтых масавых мерапрыемствах прадугледжаны арышт, або абмежаванне волі да 5 гадоў, або пазбаўленне яе на той жа тэрмін.

Сур’ёзная адказнасць чакае парушальніка за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або кіраўніцтва ім. Гэта абмежаванне волі да 5 гадоў або пазбаўленне яе ад 3 да 7 гадоў. Калі дзеянні ўчыненыя паўторна ці службовай асобай з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў – абмежаванне волі ад 3 да 5 гадоў або пазбаўленне яе ад 6 да 10 гадоў. За садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і падрыхтоўку іншых людзей да яе вінаватай асобе пагражае пакаранне да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Крымінальная адказнасць прадугледжана і за незаконны збор або распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці, персанальных звестках грамадзян, а павышаная, калі такія дзеянні ўчыняюцца ў адносінах да службовай асобы і яе блізкіх у сувязі з ажыццяўленнем прафесійнай дзейнасці і грамадскага абавязку.

Самастойным злачынствам лічыцца вярбоўка і ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне і іншае садзейнічанне экстрэмізму: пакаранне можа дасягаць да 6 гадоў пазбаўлення волі, а пры паўторным учыненні ці групай асобаў па папярэдняй дамове або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх паўнамоцтваў – да 7 гадоў.

Варта ведаць і тое, што ўчыненне злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці праз інтэрнэт з-за мяжы не вызваляе парушальніка ад крымінальнай адказнасці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga