З 13 па 17 лістапада на Дзятлаўшчыне праходзіць прафілактычная акцыя па папярэджанні пажараў і гібелі людзей на іх у жылым фондзе.
На працягу тыдня ў раёне будзе працаваць рабочая група, у якую ўвайшлі супрацоўнікі Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, работнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райбальніцы, Дзятлаўскіх раёна электрычных сетак і раёна газазабеспячэння, раённай энергагазінспекцыі, аддзела адукацыі райвыканкама.
Мерапрыемства стартавала ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык правёў інструктаж удзельнікаў па плане работы.
– Прафілактычная акцыя праходзіць на тэрыторыі горада Дзятлава, Дварэцкага і Жукоўшчынскага сельскіх саветаў. Яе правядзенне звязана найперш з ростам у раёне пажараў і гібелі людзей на іх (з 1 да 4 выпадкаў), – адзначыў Сяргей Сяргеевіч. – Па выніках мерапрыемства будуць зроблены высновы і складзена справаздача на імя старшыні райвыканкама.
На працягу бліжэйшага тыдня будзе праведзена абследаванне домаўладанняў пэўных катэгорый грамадзян – адзінокіх, тых, якія жывуць адзінока, грамадзян, схільных да злоўжывання спіртнымі напоямі. Кожная аглядавая камісія мае свой узгоднены маршрутны ліст. Таксама пройдуць пасяджэнні грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, на якіх будуць заслуханы тлумачэнні парушальнікаў правілаў пажарнай бяспекі, праведзены дваровыя сходы з прадстаўнікамі МНС. У выпадку, калі будуць выяўлены факты няспраўнасці або адсутнасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, грамадзянам прапануюць адразу набыць і ўстанавіць новыя або замяніць элемент сілкавання. Гаспадарам домаўладанняў уручаць памяткі па пажарнай бяспецы, выкарыстанні газавага і электрычнага абсталявання.
Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga