ГрадусПлюс. За што забралі грошы?

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Дзятлаўчанін не далічыўся ў сваёй заработнай плаце пэўнай грашовай сумы.

Многія пасля гэтых словаў уявілі карціну пра новы спосаб махлярства або памылку бухгалтэрыі прадпрыемства. Аднак бухгалтар растлумачыла “пацярпеламу”, што грошы спагналі па выканаўчым надпісе натарыуса, проста чалавека аб гэтым не папярэдзілі. Ці правільна гэта? Высвятляем у натарыуса Гродзенскай натарыяльнай акругі Жанны Сёмуха.

– Заканадаўствам не патрабуецца прысутнасць даўжніка пры здзяйсненні натарыусам выканаўчага надпісу, як і апавяшчэнне даўжніка аб гэтым, – адзначае Жанна Мікалаеўна. – Спагнаннік, перад тым як звярнуцца да натарыуса, павінен адправіць папярэджанне даўжніку аб неабходнасці выплаціць запазычанасць і намеры звярнуцца па здзяйсненне выканаўчага надпісу ў наступных выпадках:

— па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі і (або) плаце за карыстанне жылым памяшканнем;

— запазычанасць па лізінгавых плацяжах;

— запазычанасць па патрабаваннях, заснаваных на крэдытным дагаворы, іншым дагаворы, які ўтрымлівае істотныя ўмовы крэдытнага дагавора;

— запазычанасць па аплаце спажытай электрычнай энергіі, вады, цеплавой энергіі, газу, якая ўтварылася пры выкарыстанні нежылых памяшканняў, збудаванняў;

— запазычанасць па дагаворах куплі-продажу, пастаўкі, падраду, перавозкі, платнага аказання паслугаў, захоўвання.

Калі даўжнік хоча высветліць, на аснове чаго ў дачыненні да яго быў здзейснены выканаўчы надпіс, ён можа звярнуцца ў аддзел прымусовага выканання, дзе адкрыта выканаўчая вытворчасць, каб даведацца, кім яна была здзейснена. Для азнаямлення з выканаўчым надпісам і дакументамі, на падставе якіх ён зроблены, неабходна звярнуцца да натарыуса, які зрабіў дадзены выканаўчы надпіс, з дакументам, які пацвярджае асобу або паўнамоцтвы прадстаўніка арганізацыі-даўжніка.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga