Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ў СГФ “АграМілк” сустрэлі ўрачыстым уводам у строй новага аб’екта інфраструктуры – крытай пляцоўкі для сельгасмашын.
Сёлета кіраўніцтвам РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” было прынята рашэнне па заканчэнні незавершанага будаўніцтва на мехдвары СГФ “АграМілк” у аграгарадку Раклевічы, якое вялося пры фінансавай падтрымцы прадпрыемства работнікамі ЗАТ “КСКпрамантаж”. За 4 месяцы на месцы старога незавершанага калгаснага аб’екта з’явіўся новы сучасны навес для сельгастэхнікі.
Для ўдзелу ва ўрачыстым адкрыцці на тэрыторыі новабудоўлі сабраліся работнікі прадпрыемства і госці – старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, дырэктар РУП “Беларуснафра-Гроднааблнафтапрадукт” Вадзім Худык, галоўны інжынер прадпрыемства Дзяніс Бурнос, начальнік СГФ “АграМілк” Аляксандр Грынкевіч.
Вадзім Худык павіншаваў прысутных з гэтай знакавай падзеяй і адзначыў:
– Мы адкрываем новы аб’ект, які дапаможа якасна захоўваць сельскагаспадарчую тэхніку і даглядаць яе, тут створаны дастойныя ўмовы для работнікаў філіяла. 1988 год быў стартам будаўніцтва гэтага аб’екта, якое прадоўжылася, на жаль, толькі два гады і не было завершана, але атрымала другое жыццё праз больш чым трыццацігоддзе. Гэта знакавы момант, калі мы знайшлі магчымасць прадоўжыць гісторыю і ўвасобіць у жыццё гэты праект. Я шчыра ўдзячны ўсім, хто прымаў удзел у рабоце над ім. Дзякуючы агульным намаганням мы ўвялі аб’ект у эксплуатацыю, істотна апярэдзіўшы тэрмін. Хочацца, каб і ў далейшым важныя святы адзначаліся такім чынам.
Словы віншавання і ўдзячнасці за эфектыўнае супрацоўніцтва на адрас кіраўніцтва РУП “Беларуснафра-Гроднааблнафтапрадукт” адрасаваў Андрэй Садоўскі:
– Увод у строй новых аб’ектаў на базе СГФ “АграМілк” становіцца добрай традыцыяй. У мінулым годзе работнікі філіяла засяліліся ў новы двухкватэрны дом, пабудаваны прадпрыемствам “Белнафтахім”, у гэтым годзе – навес для захоўвання тэхнікі – важны, запатрабаваны для гаспадаркі аб’ект, які ўражвае па сваіх маштабах. Прыемна, што мы ўводзім яго напярэдадні вашага свята, шаноўныя работнікі сельскай гаспадаркі. Хачу пажадаць, кіраўніцтву арганізацыі, каб усе новыя адкрыцці на дзятлаўскай зямлі сталі прыбытковымі інвестыцыямі, калектыву філіяла – высокіх вынікаў у жывёлагадоўлі і раслінаводстве.
Госці мерапрыемства перарэзалі чырвоную стужку, тым самым даўшы сімвалічны старт рабоце пляцоўкі. На гэтым прыемныя моманты не скончыліся: з нагоды адкрыцця пляцоўкі і надыходзячага прафесійнага свята Вадзім Худык уручыў сельскагаспадарчаму філіялу “АграМілк” новую службовую “Ніву”, ключы ад якой перадаў кіраўніку падраздзялення Аляксандру Грынкевічу.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga