Дзятлаўскі турыстычны інфармацыйны цэнтр распавядае

Важнае Спорт і турызм

У кастрычніку, падчас правядзення круглага стала па тэме “Актыўнае лета. Вынікі”, мы расказвалі пра дасягненні летняга спартыўнага і турыстачнага сезона. 

Напрыканцы лістапада хочацца пагаварыць пра вынікі асенняга сезона. Якой была турыстычная восень? Актыўнай, як заўсёды, прадуктыўнай і мэтанакіраванай. Адным з найважнейшых дасягненняў восені стала атэстацыя аўдыёгіда. Аўдыёгід – гэта экскурсія на 40 друкаваных лістоў па тэме “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, запісаная голасам экскурсавода Алены Абрамчык у Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці (гадзіна і 40 хвілін гучання), якую можа выкарыстаць любы жадаючы турыст. Ён звяртаецца ў ТІЦ, атрымлівае за пэўную плату апаратуру з запісам голасу, карту маршрута, фотаздымкі аб’ектаў у электронным варыянце – і пачынае экскурс па раёне. Самастойна. Можа паехаць на сваім аўто, можа на веласіпедзе ці матацыкле. Сучасна і проста, калі няма жадання пераплочваць за транспарт ці экскурсавода. ТІЦ мае 5 сучасных мультымедыйных узнаўляльнікаў гуку, якія дапамогуць здзейсніць такое падарожжа.

Падрыхтоўка да атэстацыя вялася шмат месяцаў: пісаўся навуковы тэкст, рабіўся запіс голасу, потым вельмі доўга і скрупулёзна чысціўся голас запісу, ішла падрыхтоўка пакета дакументаў на атэстацыю. І вось нарэшце мы сярод першапраходцаў. Пакуль што ў рэспубліцы атэставаныя толькі два аўдыёгіды – “Дарогамі Дзятлаўшчыны” і “Таямніцы горада” (г.Гродна).

А яшчэ да Сусветнага дня турызму намі быў праведзены фотаконкурс на лепшы фотазмымак мясцовых краявідаў і помнікаў мінуўшчыны. Разыгрываўся сертыфікат, які дазваляў наведаць “Домік паляўнічага” ў Вензавецкім лясніцтве. Пераможцам стаў Буча Кірыл з Круцілавіч. Ён наведаў лясніцтва са сваімі бацькамі. Для іх Аляксеем Урбановічам, намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Дзятлаўскага лясгаса, была праведзена экскурсія.

За асенні перыяд распрацавана тэкставая аснова трох экскурсійных кірункаў “На ўскрайку Ліпічанскай пушчы або Накрышская гісторыя”, “Вытокі духоўнасці” (падарожжа па праваслаўных храмах Дзятлаўшчыны) і  “Гістарычнае мінулае краю” (шлях ад Дзятлава да Гезгал па мясцінах былых маёнткаў, дзе жылі знакамітыя землякі). Работа над маршрутам – справа няпростая, неабходна вывучыць усе магчымыя крыніцы, супаставіць інфармацыю, выбраць самую дакладную і даступную. Пішацца нешта накшталт курсавой работы, са зноскамі на крыніцы, цытаваннем і г.д., бо турыст сёння дасведчаны, можа задаць любое нестандартнае пытанне, на якое давядзецца адказваць экскурсаводу. Распрацаваныя маршруты будуць мець працяг: створацца своеасаблівыя турыстычныя кластары з элементамі інтэрактыву, квэстамі, удзелам фальклорных груп, экскурсіямі ў школьныя музеі і на аграсядзібы. І, канечне, мы мяркуем выкарыстаць прыпынкі з дэгустацыяй нацыянальнай кухні мінулых часоў. А рэцэпты такой кухні пакінулі нам паны Стравінскія і Завішы, што некалі валодалі землямі і маёнткамі на Дзятлаўшчыне.

Распрацавана намі і праграма тура выхаднога дня, якая стартуе ў Наваельні, праходзіць праз аграгарадок Дварэц і завяршаецца пешай экскурсіяй па горадзе Дзятлаве. Праграма апрабавана гасцямі з Мінска – выкладчыкамі фінансава-эканамічнага каледжа.

Восень была багатая і на экскурсіі, нягледзечы на тое, што не заўсёды спрыяла надвор’е. За асенні перыяд была праведзена 21 экскурсія. Гэта і экскурсіі са школьнікамі, і з жыхарамі горада і раёна, а таксама з гасцямі Дзятлаўшчыны, удзельнікамі семінараў і канферэнцый розных узроўняў.

Адным з цікавых накірункаў нашай працы з’яўляецца пошук новых форм узаемадзеяння. Да Дня маці і Дня бацькі апрабавалі новую форму ўзаемадзеяння – экскурсійны флэшмоб «Сцежкамі бацькоўскай любові», арганізавалі кафярню душэўных песень у Дзятлаўскім кінатэатры. Ініцыятыва ТІЦа была падтрымана Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання, праведзена таксама экскурсія ў Саборы. Такая форма зносін спадабалася ўсім прысутным, неўзабаве працягнем новым экскурсійным флэшмобам, які будзе прысвечаны навагоднім святам.

А нядаўна, 24 лістапада, мы прадстаўлялі наш раён на выставе ў Гродзенскай філармоніі. Выстава была прысвечана 75-годдзю Гродзенскага абласного аб’яднання прафсаюзаў.

І яшчэ адно: мы стварылі макет кнігі “Дзятлаўскі раён: мінулае і сучаснае”. Праца значная і карпатлівая, сабрана больш за 200 якасных фотаздымкаў з відамі Дзятлаўшчыны і горада, якія рабілі самі і з дапамогай карэспандэнта “Перамогі” Ірыны Стырнік. Макет чакае фінансавання. Спадзяёмся, што ў хуткім часе кнігу будуць чытаць нашы землякі і знаёміцца з гісторыяй і сённяшнімі дасягненнямі малой радзімы.

Планаў у нас шмат, і найперш – падрыхтоўка да выстаў, а таксама пераклад аўдыёгіда на англійскую і кітаўскую мовы, запіс іх і атэстацыя. Навошта? Ды таму, што мы жывём у час блізкіх кантактаў не толькі з памежнымі суседзямі, але і з далёкай Паднябеснай, і дзе ёсць гарантыя, што заўтра да нас не завітае турыстычная група з Кітая.

А калі вы яшчэ не паспелі праехацца з намі па зямлі вашых бацькоў і дзядоў, завітайце ў Дзятлаўскі ТІЦ. Мы і раскажам, і пакажам, і параім. Хутка ж Каляды і Новы год. І да гэтых святаў у нас для ўсіх цікаўных ёсць прапанова – наведайце экалагічны квэст “Ключы Бабулі Зімы”, які праводзіць Дзятлаўская дзіцячая школа мастацтваў у “Доміку паляўнічага”. Будзе цікава і дзецям, і дарослым!

Алена Абрамчык,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: