Урачыстае закрыццё трэцяга працоўнага семестра, прысвечанага 60-годдзю беларускіх студэнцкіх атрадаў, адбылося на Дзятлаўшчыне.
У навучальныя ўстановы раёна, якія прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемствах сезона-2023, з узнагародамі і падарункамі завітала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.
Сёлета раённы камітэт ГА “БРСМ” павысіў планку ў працаўладкаванні ў моладзевыя атрады і справіўся з пастаўленай задачай на 100 %: сезоннае месца працы атрымалі 172 чалавекі. На Дзятлаўшчыне дзейнічалі 13 студэнцкіх атрадаў – сельскагаспадарчыя, экалагічныя і сэрвісныя, якія супрацоўнічалі з пяццю сельгаспрадпрыемствамі раёна, Дзятлаўскімі РУП ЖКГ і лясгасам.
Першы сакратар адрасавала актывістам студатрадаўскага руху словы ўдзячнасці за плённую працу і ўклад, унесены ў агульную справу раёна, – навучэнцам установаў адукацыі і студэнтам, якія запісваюцца ў студатрады, каб правесці канікулы з карысцю. Кіраўнікам школ і педагогам – за падтрымку і разуменне, маладым настаўнікам – за тое, што нярэдка ў свой працоўны водпуск становяцца камандзірамі атрадаў і працуюць разам з вучнямі.
– Шчырае дзякуй усім, хто прадаставіў магчымасць непаўналетнім папрацаваць і атрымаць свае першыя заробкі, – адзначыла Кацярына Хілімончык, – кіраўніцтву арганізацый, якое заўсёды ідзе насустрач нашай моладзевай ініцыятыве. Спадзяюся, што плённае супрацоўніцтва прадоўжыцца ў наступным сезоне. Дзякуючы студатрадаўскаму руху школьнікі разумеюць, як няпроста зарабляюцца ўласныя грошы, вучацца быць адказнымі і дысцыплінаванымі, сябраваць і падтрымліваць адзін аднаго.
Ад раённага камітэта ГА “БРСМ” для ўсіх, хто працаваў летам і ўвосень, Кацярына Хілімончык падрыхтавала салодкія, для кіраўнікоў арганізацый-шэфаў – дыпломы і памятныя падарункі.
Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga