Дзятлаўчане атрымалі членскія білеты партыі “Белая Русь”

Важнае Грамадства

Канферэнцыя раённага аддзялення Гродзенскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” адбылася ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

У ходзе мерапрыемства партыйцы разгледзелі і зацвердзілі справаздачу аб рабоце старшыні савета раённага аддзялення партыі за бягучы перыяд, выбралі дэлегатаў на абласную канферэнцыю, а таксама дэлегатаў ад раёна на ІІ з’езд Беларускай партыі “Белая Русь”, які пройдзе ў Мінску ў снежні.

Беларуская партыя “Белая Русь” – самая маладая партыя ў краіне, аднак яна імкліва набірае папулярнасць, аб’ядноўваючы ў сваіх радах людзей розных узростаў, працаўнікоў многіх сфер. На Дзятлаўшчыне колькасць членаў партыі з моманту заснавання павялічылася ўтрая і складае 150 чалавек. На канферэнцыі многім з іх былі ўручаны членскія білеты.

Намеснік старшыні Савета раённага аддзялення партыі Алена Круглова павіншавала землякоў і адзначыла, што партыйныя білеты накладваюць на людзей яшчэ большую адказнасць перад раёнам, краінай, грамадствам. Яна пажадала партыі ўпэўненага развіцця, каб актыў сябе натхняў і вёў за сабой людзей.

Дзятлаўчане, якія ў гэты дзень атрымалі членскія білеты Беларускай партыі “Белая Русь”, расказалі, чаму вырашылі папоўніць яе рады.

Вераніка Фабішэўская, дырэктар гімназіі № 1 горада Дзятлава:

– На працягу доўгага часу я з’яўляюся членам грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Калі ўтварылася Беларуская партыя “Белая Русь”, я пажадала далучыцца да яе, што для мне адказна і пачэсна. Прымаючы ўдзел у рабоце партыі, хачу станоўча паўплываць на жыццё роднага раёна і ўсёй краіны, адстойваць правы грамадзян, разам з аднадумцамі накіроўваць патрыятычныя пачуцці ў канструкцыйнае рэчышча, выхоўваць такіх жа патрыётаў, якімі з’яўляемся мы, дарослыя людзі. На такім мерапрыемстве прысутнічаю ўпершыню, атрымліваць партыйны білет было хвалююча. Сустрэча прынесла станоўчыя эмоцыі, згуртавала членаў партыі, далей будзем дзейнічаць згодна са статутам на карысць любімай Беларусі.

Уладзімір Мармыш, намеснік галоўнага доктара філіяла “Санаторый “Радон”:

– Сёння адметны дзень, бо я атрымаў партыйны білет. Праводжу паралель з гісторыяй маёй сям’і: у дзеда быў партыйны білет, які захоўваўся дома як вялікая каштоўнасць, я яго трымаў у руках і адчуваў гонар. “Белая Русь” – маладая партыя з сур’ёзнымі амбіцыямі і вялікімі перспектывамі. У гэтай партыі вялікая будучыня, на маю думку, менавіта яна ўлічыць меркаванні народа, зможа паўплываць на рэчаіснасць. Думаю, раённыя аддзяленні партыі змогуць разгледзець важныя нюансы, не заўсёды відавочныя на рэспубліканскім узроўні, унесці свой уклад у яе дзейнасць, разам працуючы на адзін вынік. Будзем ісці дзяржаўным курсам, уносячы свае прапановы, актуальныя для раёна, вобласці, краіны.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga