З пачаткам ацяпляльнага сезона ў Дзятлаве ўведзена ў строй пасля рэканструкцыі кацельня “Спадарожнік”, на якой быў усталяваны новы энергаэфектыўны паліўны кацёл.
Аб мадэрнізацыі камунальнай гаспадаркі і рабоце на мясцовых відах паліва расказаў дырэктар РУП ЖКГ Васіль Пяцюк.
Па яго словах, абнавіць кацельню стала магчымым у межах праграмы энергазберажэння, на што было выдаткавана 2,2 мільёна рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў.
– Некалькі гадоў таму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на больш актыўнае выкарыстанне мясцовых відаў паліва і даў адпаведныя даручэнні Ураду. Як ён адзначыў, торф, дранка і пілавінне літаральна “валяюцца” пад нагамі, і іх можна прымяняць, а не ездзіць і выпрошваць газ і нафту, – узгадаў Васіль Васільевіч. – На працягу некалькіх гадоў мы актыўна рэалізуем гэту ідэю: па выніках 9 месяцаў доля выкарыстання мясцовых відаў паліва склала 86 % ад усяго аб’ёму, з уводам кацельні “Спадарожнік” па выніках года думаем дасягнуць лічбы ў 89 %.
Работы па рэканструкцыі кацельні “Спадарожнік” праходзілі з верасня 2022 года да мая 2023-га.
– Заказчыкам выступіла Навагрудскае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, – паведамляе Васіль Пяцюк. – За арганізацыю будаўнічых і праектных работ, плённае супрацоўніцтва хачу выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву арганізацыі – Аляксандру Скоблю і Сяргею Шымчыку. Генеральнай падраднай арганізацыяй стала Гродзенскае ПМК-62, якое пазней увайшло ў састаў Гродзенскай СПМК-70.
Галоўным пераўтварэннем стаў дэмантаж двух з трох газавых катлоў і ўстаноўка новага энергаэфектыўнага катла (адзін з газавых катлоў застаўся як рэзервовы на выпадак аварыйных сітуацый).
Цэнтральнае месца ў кацельні цяпер займае новы кацёл беларускай фірмы “Камконт”, які працуе на пілавінні. Ён прадстаўляе сабой складаную сістэму падачы паліва, выдалення попелу і ачысткі дымавых газаў праз рукаўныя фільтры. Тут ёсць магутнае кампрэсарнае абсталяванне, якое перыядычна ўключаецца для прадзімання ўсіх фільтраў. Каэфіцыент карыснага дзеяння такога катла складае каля 84 % (на 20 % эфектыўней за аналагічныя драўнінныя катлы) – гэта значыць, што выпрацоўваемае цяпло максімальна перадаецца ў цеплавыя сеткі.
Істотна змяніўся і знешні выгляд кацельні “Спадарожнік”: устаноўка новага абсталявання запатрабавала павелічэння плошчы памяшкання. Новае збудаванне было ўзведзена з металічнага каркаса і сэндвіч-панэляў, бункер для загрузкі пілавіння выкананы напалову з маналітнага бетону і таксама сэндвіч-панэляў.
– Абноўленая кацельня працуе толькі на пілавінні? – пытаюся ў Васіля Васільевіча.
– Так, расход цвёрдага паліва – ад 5 да 10 кубаметраў у суткі ў залежнасці ад тэмпературы навакольнага асяроддзя, магутнасцяў кацельні хапае, каб забяспечыць цяплом больш за 10 арганізацый і аб’екты жылога фонду.
– Хто пастаўляе паліва?
– Супрацоўнічаем з ААТ “Мастоўдрэў”, Дзятлаўскім участкам ААТ “Гроднааблпаліва”, Дзятлаўскім лясгасам. Цяпер афармляем пакупку сваёй магутнай пілавіннедрабільнай машыны прадукцыйнасцю 50-55 кубаметраў пілавіння ў гадзіну. Яе кошт складае 600 тысяч рублёў.
– Ацаніце гатоўнасць цеплавых сетак да зімы.
– Мы на 100 % падрыхтаваны як да звычайнага зімовага надвор’я, так і да нізкіх тэмператур: усе цеплавыя сеткі абноўлены з заменай на поліэтыленавыя, кацельні таксама ў спраўным стане. На наступны год планава будзем праводзіць рэканструкцыю цэнтральнай кацельні, ужо рыхтуем праектна-каштарысную дакументацыю.
– Хто абслугоўвае газавую гаспадарку горада?
– На сёння ў Дзятлаве функцыянуюць тры кацельні, яны працуюць у аўтаномным рэжыме (чацвёртая рэзервовая). Іх кругласутачна абслугоўваюць аператары, кожны нясе дзяжурства адразу на некалькіх аб’ектах, пры гэтым актуальную інфармацыю аб рабоце кацельняў кожны з іх атрымлівае на мабільны тэлефон.
У час нашай экскурсіі на кацельні “Спадарожнік” дзяжурыў вопытны работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі – будаўнік, а ў сезон – качагар і аператар кацельняў Аляксандр Каляда. У мінулым годзе ён прайшоў навучанне і пасля здачы экзаменаў прыступіў да работы, сёлета разам з калегамі першым пратэсціраваў работу новага катла на пілавінні.
– Вельмі добра, што прадстаўнікі фірмы “Камконт” не толькі ўсталявалі і наладзілі кацёл сваёй вытворчасці, але і правялі падрабязны інструктаж, дапамаглі разабрацца ў нюансах работы, – расказаў Аляксандр Мікалаевіч.
Мужчына паведаміў, што амаль усе працэсы на кацельні аўтаматычныя – ад загрузкі паліва да выдалення прадуктаў згарання. Задачай аператара з’яўляецца кантроль за бесперабойнай работай абсталявання і своечасовае інфармаванне начальства, падтрыманне параметраў, дастаўка кантэйнераў з попелам на спецыяльную пляцоўку, адкуль іх утылізуе спецмашына, падтрыманне парадку на аб’екце.
Наладка кацельнага абсталявання поўнасцю завершана, ужо месяц яно працуе ў штатным рэжыме. Мінімальны тэрмін эксплуатацыі – 10 гадоў, на працягу якіх, запэўніваюць вытворцы, ніякіх праблем узнікаць не павінна. Давярай, але правярай, мяркуюць камунальныя службы раёна: яны чакаюць надыходу сур’ёзных халадоў, каб на практыцы пацвердзіць эфектыўнасць набыцця.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga