Адзіны дзень інфармавання. Эканоміка – аснова дабрабыту, абачлівасць – гарант бяспекі

Галоўнае Улада

16 лістапада на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Працавала некалькі груп. Інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэя Садоўскага сустрэлася з калектывам Дзятлаўскага РУП ЖКГ, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага – з калектывам ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, абласная на чале з рэктарам Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святланай Сяргейка выступіла ў Дзятлаўскай ЦРБ. Працавалі і групы намеснікаў старшыні райвыканкама: група Вадзіма Бяляткі сустрэлася з жыхарамі Казлоўшчынскага сельсавета, Дзмітрыя Баравіка – з супрацоўнікамі раённага аддзела Дэпартамента аховы, Вольгі Жэлезоўскай – з калектывам Дзятлаўскага райЦГЭ.

Абмеркавалі важную стратэгічную тэму: “Эканамічная бяспека як ключавая ўмова ўстойлівага развіцця беларускай дзяржавы”. У сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: “Ужо тры дзесяцігоддзі падмуркам нашай дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца сацыяльна арыентаваная эканоміка. Палітыка гэта паспяховая. Народ яе падтрымлівае. Па ўсіх паказчыках, якія характарызуюць сацыяльную роўнасць, Беларусь адносіцца да найбольш спрыяльных краін… Таму менавіта эканоміка, якая забяспечвае сацыяльную абароненасць грамадзян, з’яўляецца галоўнай мішэнню Захаду”. Ударам па ёй, які Беларусь вытрымала дастойна, сталі санкцыі. Нягледзячы на іх, нацыянальная эканоміка дэманструе рост: павялічылася прамысловая вытворчасць, знізілася інфляцыя, выраслі грашовыя даходы насельніцтва, што стала магчымым, у тым ліку дзякуючы стратэгічнаму партнёрству з Расіяй.

У праекце новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь адзначана, што эканамічная бяспека – гэта абароненасць галінаў і сфераў эканомікі ад пагроз, якія перашкаджаюць яе ўстойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю. Асноўнымі нацыянальнымі інтарэсамі ў эканамічнай сферы з’яўляюцца: рост і павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі за кошт яе структурнай перабудовы, удасканаленне сістэмы кіравання, устойлівае інавацыйнае развіццё, актыўнае інвесціраванне ў чалавечы капітал і высокія тэхналогіі, зніжэнне выдаткаў, развіццё высокатэхналагічных, экспартна-арыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцяў, а таксама забеспячэнне цэнавой і фінансавай стабільнасці; сюды ж уваходзяць харчовая і энергетычная бяспека; укараненне перспектыўных тэхналогій у тым ліку за кошт прамых замежных інвестыцый; дыверсіфікацыя экспарту; збалансаванасць знешняга гандлю.

Драйверамі росту ВУП для Беларусі з’яўляюцца прамысловасць, будаўніцтва і гандаль, прычым па тэмпах росту прамысловай вытворчасці наша краіна – лідар ЕАЭС.

Пералічаны ў Канцэпцыі і крыніцы пагроз, як знешніх, так і ўнутраных. Характэрна, што недружалюбныя дзеянні асобных замежных дзяржаваў у адносінах да Беларусі мелі негатыўныя наступствы для абодвух бакоў. Пацярпеў еўрапейскі бізнес: многія паспяховыя кампаніі прыпынілі сваю дзейнасць у нашай рэспубліцы, экспарцёрам давялося шукаць іншых надзейных пакупнікоў, адмова ад паставак беларускіх тавараў вымусіла вызначыцца з новымі пастаўшчыкамі, што негатыўна паўплывала на лагістыку і цэны. Нездарма Прэзідэнт так выказаўся на гэты конт: “Нашы баталіі сёння працягваюцца ў палях, на заводах, у культурнай, інфармацыйнай сферах, у школах і ўніверсітэтах – за нашу праўду, перспектывы развіцця, права быць суверэннымі і незалежнымі. Усё гэта будзе, калі будзем мець моцную эканоміку. Яна – база ўсяго”.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, эканоміка Дзятлаўшчыны сёлета таксама працуе эфектыўна: па выніках года быдуць выкананы ўсе мэтавыя паказчыкі. Адзначаецца рост заработнай платы. Набываецца новае абсталяванне і тэхніка. Вынікова спрацавала сельская гаспадарка: недабор каласавых кампенсаваны 25 тысячамі тон зерня кукурузы. Сабраны небывалы ўраджай 460 тон агародніны. Павялічана вытворчасць малака: на карову надоена больш за 6200 кілаграмаў. Бюджэт будзе выкананы з прафіцытам, і гэтыя грошы пойдуць на развіццё раёна.

Прадаўжэннем размовы аб нацыянальнай бяспецы стала тэма прафілактыкі і супрацьдзеяння экстрэмізму. Нагадалі, якія дзеянні заканадаўча аднесены да экстрэмісцкіх, расказалі аб мерах адказнасці. На жаль, сёлета ў нашым раёне зарэгсітравана 9 злачынстваў гэтай катэгорыі, 4 з якіх учыніла адна асоба, а ў вобласці іх зафіксавана больш за 300. Гэта былі абразы прадстаўнікоў улады ў інтэрнэце, паклёп на Прэзідэнта і абраза, асквярненне і псаванне маёмасці, распаўсюджванне лжывых звестак аб міністры МУС РБ, пагроза выкарыстання гвалту ў адносінах да супрацоўніка міліцыі. У большасці выпадкаў за падобныя ўчынкі можа быць вынесены прысуд аб пазбаўленні волі ад 3 да 8 гадоў. Многія не надаюць значэння, аднак і падпіска на інтэрнэт-каналы, якія прызнаны экстрэмісцкімі, – гэта таксама элемент іх папулярызацыі, што расцэньваецца як захоўванне інфармацыі з мэтай распаўсюджвання і прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць. Састаў адміністрацыйнага правапарушэння будзе і ў выпадку перадачы якой-небудзь інфармацыі для размяшчэння на экстрэмісцкім канале, бо фактычна гэта ўдзел у вырабе экстрэмісцкай прадукцыі. Сур’ёзная адказнасць і за сам выраб, перавозку, распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі з заклікам ці прапагандай экстрэмісцкай дзейнасці – да 30 базавых велічыняў на фізічную асобу, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт, а для прадпрымальніка ці юрыдычнай асобы – да 100 і да 500 базавых велічыняў адпаведна.

У рамках тэмы прагледзелі кінастужку антытэрарыстычнай скіраванасці “Яны мне здрадзілі”.

Закранулі і не менш важныя пытанні бяспекі жыццядзейнасці, такія як праблему неасцярожнага курэння, ад якога толькі сёлета на Дзятлаўшчыне загінулі 3 чалавекі. З набліжэннем святаў “паўтарылі” правілы выкарыстання піратэхнікі, якую варта набываць у ліцэнзаваных магазінах, запытваць сертыфікат, выкарыстоўваць строга па інструкцыі. Узнялі тэму небяспекі выхаду на тонкі лёд, пра што ў сезон халадоў асабліва павінны памятаць рыбакі і дзеці. І калі непаўналетніх найлепш засцерагчы ад гульняў на зімовых вадаёмах, то аматарам рыбалкі варта выкарыстоўваць ратавальныя камізэлькі.

*****

*****

*****

*****

*****

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара, Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga