У межах святкавання 75-годдзя Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў на Гродзеншчыне прайшла акцыя “Прафсаюзы за турызм”, да якой далучыліся і дзятлаўчане.
Экскурсійную праграму для ўдзельнікаў акцыі правяла спецыяліст па турызме раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Алена Абрамчык, якая расказала гісторыю князёў і старадаўняй архітэктуры на Дзятлаўшчыне, паведаміла пра жыццё мясцовых яўрэяў і іх масавае знішчэнне, лёс інтэрнацыянальных дзяцей у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Удзельнікі акцыі падзяліліся сваімі ўражаннямі аб мерапрыемстве.
Аляксандр Дубовік, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:
– Мэта сённяшняга мерапрыемства – больш расказаць дзятлаўчанам пра горад, дзе мы жывём, адкрыць раней невядомыя старонкі мінуўшчыны, узгадаць яе трагічныя і гераічныя моманты. Сёння ў акцыі прынялі ўдзел старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый, прафсаюзныя актывісты горада Дзятлава, разам з якімі мы наведалі адметныя месцы райцэнтра. Дзякуючы таленавітаму экскурсаводу Алене Абрамчык упэўніліся ў тым, што кожны дзень, ідучы на работу, дамоў ці па будзённых справах, мы мінаем месцы, якія захоўваюць гісторыю роднага горада. Экскурсія атрымалася насычанай, цікавай і пазнавальнай.
Вольга Бойка, дырэктар раённай бібліятэкі:
– На такой экскурсіі я ўпершыню, мне ўсё вельмі спадабалася. Нягледзячы на тое, што працую ў бібліятэцы, шмат чаго з гісторыі я дагэтуль не ведала. Вельмі ўразілі факты з жыцця яўрэяў, я нават узгадала, калі пачынала працаваць маладым спецыялістам пасля ўніверсітэта, як да нас на мерапрыемства ў бібліятэку прыходзілі Абрам Каплан і яго жонка. Разам з прафсаюзным актывам мы пабывалі на Аўгустоўскім канале, у Брэсцкай крэпасці, Будславе, Гярвятах. Але не менш важным, на маю думку, з’яўляецца спазнанне свайго роднага краю.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga