Ядвіга Гушча: па жыцці з аптымізмам

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Энергічная, аптымістычная, элегантная, актыўная – усё гэта пра нашу зямлячку, адказнага сакратара раённага савета ветэранаў, самадзейную артыстку, валанцёра і проста нераўнадушнага чалавека Ядвігу Гушча.

На любым важным мерапрыемстве Ядвіга Міхайлаўна заўсёды ў цэнтры падзей, і калі не на сцэне з артыстамі народнага хору ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”, то з наведвальнікамі клуба “Нам гады не бяда” або сярод сярэбраных валанцёраў раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, ці ўвогуле дзеліцца меркаваннем наконт падзей з прадстаўнікамі прэсы.

Наша шаноўная зямлячка прызнаецца, што не заўсёды мела такі няўседлівы характар, у юнацве была даволі сціплай і непрыкметнай, а “раскрылася” менавіта на сцэне.

Ядвіга Гушча (дзявочае прозвішча Гарбун) – карэнная жыхарка горада Дзятлава. У гэтых мясцінах яна нарадзілася, гэты куточак зямлі беларускай праслаўляе плёнам сваёй працы і добрых справаў. Яна ніколі не імкнулася за моры-акіяны, пасля школы скончыла Маладзечанскі гандлёва-эканамічны тэхнікум па спецыяльнасці “планавік у гандлі”. Працоўную дзейнасць пачынала ў Дзятлаўскім райспажыўтаварыстве. У 1985 годзе перайшла на Дзятлаўскі сыраробны завод, якому прысвяціла наступныя 23 гады свайго жыцця. Узгадвае, што час быў не самым простым, бо за гэты перыяд з геаграфічнай карты паспела знікнуць вялікая і магутная дзяржава – Савецкі Саюз, пранесліся “ліхія 90-я”, Дзятлаўскі сырзавод пераўтварыўся ў адкрытае акцыянернае таварыства, і працэс гэты вымусіў спецыялістаў справіцца з вялікімі аб’ёмамі работ. Сапраўднай аддушынай для Ядвігі Міхайлаўны з 1997 года быў удзел у мастацкай самадзейнасці прадпрыемства, а станоўчым прыкладам, на які хацелася раўняцца, – талент нашай вядомай зямлячкі Алы Аўдзейчык, цяпер ужо салісткі Гродзенскай абласной філармоніі. На заводзе Ала Паўлаўна згуртавала вакол сябе работнікаў, у якіх была “творчая жылка”. Раскрыўся і талент Ядвігі Гушча, якая часта выступала дуэтам у сцэнках з былой аднакласніцай і калегай па прадпрыемстве Леанідай Глубокай. Гледачы прымалі такія пастаноўкі ўдзячна, падабалася землякам і вакальная група сыраробаў. Артыстаў завода з канцэртамі запрашалі ў санаторый “Радон”, гаспадаркі, арганізацыі раёна, дзе сустракалі выключна цёпла. Адчуваючы пазітыў ад гледачоў, разумеючы, што людзі любяць і хочуць іх бачыць, Ядвіга Міхайлаўна паступова заўважала, як мяняецца і яе характар. Ёй падабалася дарыць навакольным станоўчыя эмоцыі, шчыра ім усміхацца, падбадзёрваць са сцэны песняй, а ў жыцці – добрым словам. Такое стаўленне да людзей засталося ў яе і да гэтага часу, нездарма яна прадаўжае актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці раёна.

Працоўныя гады праляцелі непрыкметна, у 2009-ым, як жартуе Ядвіга Міхайлаўна, яна стала поўнасцю вольным чалавекам, бо выйшла на заслужаны адпачынак. Сядзець склаўшы рукі не збіралася, таму ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці прадоўжыла ўжо з артыстамі народнага хору ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”, у саставе якога выступае і па сённяшні дзень. Калектыў на чале з творчым кіраўніком Таццянай Шостка вядомы не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці. Карэлічы, Навагрудак, Дзітва, Шчучын – далёка не ўся “геаграфія” выступленняў хору і танцавальнай групы артыстаў сярэбранага ўзросту, а калі ўлічыць тое, што яны даўно пакарылі “Ютуб” і “TikTok”, то можна казаць і пра больш шырокія гарызонты поспеху.

Сям’я – цэнтр Сусвету

Жаночае шчасце бывае розным. У Ядвігі Міхайлаўны побач з любімым чалавекам яго не атрымалася: жыццёвыя дарогі ў іх з мужам разышліся, аднак наша зямлячка выгадавала дваіх сыноў, дачакалася ўнукаў, цяпер лёс парадаваў яе яшчэ і праўнучкай.

Быць уважлівай да блізкіх, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці і занятасць, Ядвіга Міхайлаўна імкнулася заўжды.

– Калі жыла мама, яна мне вельмі шмат дапамагала, – узгадвае жанчына. – Бо сама я з раніцы да вечара прападала на рабоце, сыны гэта разумелі. Безумоўна, яны не вызначаліся прыкладнымі паводзінамі, дазвалялі сабе свавольствы, аднак абодва вывучыліся, сталі годнымі работнікамі. Старэйшы ўжо 26 гадоў адпрацаваў на сыраробным заводзе, малодшы таксама жыве ў Дзятлаве, працуе ў камунальнай сферы, у іх падрастаюць уласныя дзеці. А я стараюся, каб “нітачка”, якая злучае розныя пакаленні нашай сям’і, была трывалай. Не дазваляю дзецям-унукам парушаць галоўную сямейную традыцыю: на Каляды і Вялікдзень абавязкова збіраемся разам за вялікім сталом. Трэцяя “безумоўная” сустрэча – гэта дзень майго нараджэння, бо найлепшы падарунак, вядома ж, стасункі з тымі, каго любіш. А ўжо самыя вялікія “пасядзелкі” здараюцца, калі мы разам едзем у Гродна да маёй сястры і яе блізкіх.

Нельга не сказаць і пра кулінарныя здольнасці Ядвігі Міхайлаўны. Яна частуе родных і сяброў разнасоламі, смачнымі пірагамі і іншымі адметнымі стравамі, рэцэпты якіх чэрпае з інтэрнэту, кожны раз стараючыся знайсці нешта новае і цікавае.

Яшчэ адзін спосаб падарыць дзецям увагу, клопат і цеплыню сваіх рук – гэта захапленне Ядвігі Гушча рукадзеллем. Яна ўмела вяжа кручком і на спіцах, яшчэ са школы “сябруе” са швейнай машынкай. Дарэчы, гэты талент, як і песенны, дастаўся ёй ад матулі Марыі Пятроўны, простай неадукаванай жанчыны, але руплівай гаспадыні, якая, не скараючыся жыццёвым цяжкасцям, спявала амаль за любой хатняй справай, ведала шмат “святых” песень і сама шыла для дома і сям’і многія неабходныя рэчы. У сыноў Ядвігі Міхайлаўны, дзякуючы “атрыманым у спадчыну” ўменням, таксама заўсёды былі цёплыя абноўкі, затым унукі хадзілі ў прыгожых падарунках. Нават калі юнае пакаленне падрасло і стала больш заглядвацца на магазінныя рэчы, Ядвіга Гушча не здрадзіла любімаму занятку. Часцей вяжа і шые для сябе, у кожную новую рэч стараецца ўнесці “ўласны штрых і адметнасць”. Любіць яркія, жыццесцвярджальныя колеры, каб “падбадзёрваць” гардэробам не толькі сябе, але і навакольных. Ёсць у яе і сяброўкі па захапленні, удзельніцы клуба людзей залатога ўзросту “Нам гады не бяда”. “Ізюмінкай” многіх раённых святаў стала іх вялікая калекцыя адзення з яркай назвай “Мода на трэці ўзрост”, якая карысталася вялікім поспехам у гледачоў. Сярод мадэляў і адначасова аўтараў-дызайнераў у сваёй філіграннай вязанай сукенцы на подыум выходзіла і Ядвіга Гушча. А колькі рэчаў з уласнага гардэроба перашыла і звязала на свой густ наша элегантная зямлячка, ужо і не пералічыць. Яна цвёрда ўпэўнена: захапленне рукадзеллем, рэпетыцыі, выступленні хору, грамадская дзейнасць, валанцёрства, стасункі са шматлікімі знаёмымі – гэта тое, што не дазваляе скарацца гадам, дае натхненне, надзею і жаданне рухацца наперад.

Дабрыня памнажаецца, калі ёю дзяліцца

Гэту простую ісціну цудоўна ведае Ядвіга Гушча. У 2011 годзе яна стала адказным сакратаром Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў і цяпер разам са старшынёй аб’яднання Міхаілам Губарам і актывістамі з’яўляецца добрым сябрам усіх мудрых людзей нашага раёна. У лепшых традыцыях арганізацыі – дапамагаць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працы, вязням фашысцкіх канцлагераў, ушаноўваць іх, запрашаць на святы і сустрэчы, віншаваць з юбілейнымі датамі, дарыць падарункі – адным словам, рабіць іх жыццё больш яркім, змястоўным, насычаным, камфортным. Некалькі гадоў на Дзятлаўшчыне рэалізоўваецца праект “Глыбінкай жыве Беларусь” сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раёна Цэнтра культуры і народнай творчасці. Разам з артыстамі ў аддаленыя і маланаселеныя вёскі раёна, каб парадаваць жыхароў добрай песняй, цёплым, бадзёрым словам, а пенсіянераў-юбіляраў яшчэ і падарункамі, едуць Ядвіга Гушча і Міхаіл Губар.

– Я гаваркая, – прызнаецца яна. – У мяне заўсёды знойдзецца жарт ці патрэбнае слова, каб падарыць чалавеку надзею і пазітыў. Жыць з верай у будучыню, у міры і згодзе – гэта так важна, асабліва для пажылых людзей. Мы частыя госці сацыяльных установаў, такіх як Гезгалаўскі дом сумеснага самастойнага пражывання. Яго насельнікам да святаў прывозім салодкія падарункі, дорым віншаванні, дапамагалі ўпрыгожваць і добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю. Наогул, валанцёры сярэбранага веку многае могуць і ўмеюць, а галоўнае – гатовы дзяліцца сваёй энергіяй і дабрынёй, каб людзі і свет вакол нас мяняліся да лепшага.

Ядвіга Гушча ідзе па жыцці з надзеяй і не здраджвае свайму дэвізу: не спяшацца, не здавацца і часцей усміхацца. Яна не скараецца выпрабаванням, стараецца атрымліваць радасць ад кожнага дня, а галоўнае, у яе яшчэ шмат планаў і мараў. Наша зямлячка любіць падарожнічаць, і хаця пабывала яна ў многіх гарадах Беларусі, яшчэ нямала куточкаў роднай зямлі застаюцца для яе загадкай. Дык няхай мара Ядвігі Міхайлаўны пабачыць і паспець як мага больш абавязкова ажыццявіцца.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga