Вы – трэнер? Прайдзіце акрэдытацыю!

Важнае Спорт і турызм

Да 1 студзеня 2024 года індывідуальным прадпрымальнікам і арганізацыям недзяржаўнай формы ўласнасці, якія ажыццяўляюць дзейнасць па развіцці фізічнай культуры і спорту, неабходна атрымаць абавязковую дзяржаўную акрэдытацыю.

Каму патрэбна гэта працэдура і як яе прайсці, расказаў начальнік сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда.

– З новага года дзейнасць па развіцці фізічнай культуры і спорту без дзяржаўнай акрэдытацыі (наяўнасці сертыфіката) адносіцца да незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Да ліку тых, каму неабходна акрэдытацыя, адносяцца арганізацыі (юрыдычныя асобы), а таксама фізічныя асобы (індывідуальныя прадпрымальнікі). Праходжанне дзяржаўнай акрэдытацыі на права ажыццяўлення дзейнасці праводзіцца ў розных напрамках: спартыўна-масавай рабоце; правядзенні спартыўных мерапрыемстваў за выключэннем дэфлімпійскіх, спецыяльных алімпійскіх, тэхнічных, авіяцыйных, ваенна-прыкладных і службова-прыкладных відаў спорту; падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву па ключавых дысцыплінах, уключаных у рэестр відаў спорту Рэспублікі Беларусь.

– Што неабходна для атрымання акрэдытацыі?

Для пацвярджэння дзяржаўнай акрэдытацыі на права ажыццяўлення дзейнасці па развіцці фізічнай культуры і спорту неабходна адпавядаць 15 крытэрыям, сярод якіх наяўнасць дакументаў аб адукацыі (перападрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі) у сферы фізічнай культуры і спорту, выкананне патрабаванняў мінімальнага ўзросту для заняткаў відамі спорту, допуск выхаванцаў па стане здароўя (пацвярджаецца медыцынскімі даведкамі), наяўнасць спартыўнага адзення і абутку спецыяльнага прызначэння, інвентару, адпаведнасць зместу і якасці спартыўнай падрыхтоўкі вучэбным праграмам, павышэнне спартыўнага майстэрства спартсменаў, удзел у спартыўных спаборніцтвах і іншыя.

– За што можна пазбавіцца дзяржаўнай акрэдытацыі?

– Гэта магчыма пры наяўнасці адной або некалькіх наступных прычын: неадпаведнасць патрабаванням для праходжання дзяржаўнай акрэдытацыі па адпаведным напрамку дзейнасці па развіцці фізічнай культуры і спорту; наяўнасць фактаў парушэння заканадаўства ў сферы фізічнай культуры і спорту, санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, якія прывялі да гібелі людзей, прычынення цялесных пашкоджанняў, іншых цяжкіх наступстваў у галіне бяспекі жыццядзейнасці; неажыццяўленне дзейнасці па развіцці фізічнай культуры і спорту па напрамку дзейнасці, па якім пройдзена (пацверджана) дзяржаўная акрэдытацыя, на працягу аднаго года пасля яе праходжання.

– Куды звяртацца жадаючым атрымаць дзяржаўную акрэдытацыю?

– На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна сфарміравана камісія, якая працуе на падставе распрацаванага палажэння. Яна разглядае заявы і неабходны пакет дакументаў, указаных у пераліку крытэрыяў на акрэдытацыю. На падставе пратакола-заключэння камісіі прымаецца рашэнне райвыканкама па акрэдытацыі з выдачай сертыфіката аб адпаведнасці напрамку па віду дзейнасці. Заявы па ўстаноўленай форме (з адлюстраваннем месца прадастаўлення паслугаў) і пакет дакументаў на акрэдытацыю падаюцца ў службу “адно акно”. Тэрмін разгляду заявы аб праходжанні  або пацверджанні дзяржаўнай акрэдытацыі з моманту атрымання заявы да выдачы сертыфіката (адпраўкі пісьмовага паведамлення аб адмове ў дзяржаўнай акрэдытацыі) – 1 месяц.

У індывідуальных прадпрымальнікаў абавязкова павінна быць заяўлена сфера дзейнасці ў галіне фізічнай культуры і спорту па агульнадзяржаўным класіфікатары Рэспублікі Беларусь (АКРБ 005-2011). Дзейнасць па развіцці фізічнай культуры (правядзенне фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы) ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пералікам і апісаннем відаў дзейнасці, якія адносяцца да сферы фізічнай культуры, зацверджаным пастановай Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 2023 года № 29. Даведкі можна атрымаць у сектары спорту і турызму райвыканкама або па тэлефоне 6-77-04.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga