Ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула распачаў святочнае набажэнства ўрачыстым ушэсцем педагогаў у храм у знак глыбокай павагі да іх штодзённай працы.
Вернікі разам узнеслі малітву аб усіх, хто сее ў душах дзяцей і моладзі разумнае, добрае, вечнае, выхоўвае іх на ісцінах любові да бліжняга і да Бога, аб здароўі іх блізкіх, дабрабыце дома.
Ксёндз-пробашч уручыў педагагічным калектывам раёна асвечаныя іконы і блаславенне, запрасіў іх прыняць актыўны ўдзел у імшы:
— Сёння, у гэты святочны дзень, калі асобным чынам касцёл ушаноўвае педагогаў, мы хочам папрасіць нашага Усёмагутнага Бога яго айцоўскай апекі для вас. Няхай спашле вам добрага здароўя, цярпення, удзячнасць вашых вучняў, а Езус блаславіць кожны дзень вашага жыцця, Дух Святы адорвае вас сваімі дарамі. Праз малітву сёння просім Маці Божую аб яе заступніцтве для вас і бязмежнай любові.
Святар і вернікі ўсе разам памаліліся, выказалі падзяку Хрысту і Маці Божай. Напрыканцы святой імшы ўсе прысутныя ў касцёле перадалі адзін аднаму знак супакою, паціснуўшы рукі.
Ксёндз Здзіслаў Пікула падзякаваў усім, хто сабраўся тут у такі важны дзень. У каталікоў кастрычнік пачынаецца ўшанаваннем памяці Святой Тэрэзы – настаўніцы Царквы, заступніцы святароў, у гонар якой прыхаджане, пакідаючы касцёл, былі асыпаны пялёсткамі ружаў, што сімвалізуюць ласку, якую людзі атрымліваюць дзякуючы яе заступніцтву.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga