На Дзятлаўшчыне праходзіць кампанія па імунізацыі насельніцтва супраць віруса грыпу.
Сёлета медыкі выкарыстоўваюць інактываваную “Вакцыну для прафілактыкі грыпу” расійскай вытворчасці. За першыя дні прышчэпкі зрабілі ўжо 1895 дзятлаўчан.
Актыўна вакцынуюцца ад грыпу ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Сёння прышчапілася 72 % ад усіх супрацоўнікаў.
– Вакцынавацца неабходна кожны год, таму што імунітэт ад канкрэтнага штама віруса грыпу не пажыццёвы і захоўваецца толькі на працягу аднаго сезона. Прычым прышчэпку варта атрымаць да пачатку масавага пад’ёму захваральнасці на вострыя рэспіраторныя захворванні, бо максімальная абарона ад віруса ўзнікае толькі праз 10-14 дзён з моманту ўвядзення вакцыны, – адзначыла галоўны доктар райЦГЭ Алена Шайбак. – Прышчэпка ад грыпу рэкамендуецца абсалютна ўсім. Сёння сваім прыкладам наш калектыў паказвае неабходнасць вакцынацыі для таго, каб абараніць сваё здароўе і засцерагчы навакольных. Вакцынацыя насельніцтва супраць грыпу і COVID-19 разам з захаваннем мераў неспецыфічнай прафілактыкі дапаможа зрабіць уздым захворванняў больш кіруемым і прадухіліць распаўсюджванне вірусаў і бактэрый.
Нагадаем, што ўсе наяўныя ў Беларусі вакцыны супраць грыпу зарэгістраваны і дазволены да выкарыстання. Гэта высокаэфектыўныя і бяспечныя імунабіялагічныя лекавыя сродкі, якія ўтрымліваюць актуальныя штамы віруса.
– За апошні тыдзень на Дзятлаўшчыне зарэгістравана 333 выпадкі вострых рэспіраторных інфекцый, – праінфармаваў доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага райЦГЭ Мікалай Дзядовіч. – І больш за 65 % сярод хворых – дзеці. Вакцынацыя – гэта самы надзейны, бяспечны і эфектыўны спосаб абароны супраць інфекцыйных захворванняў.
Па прышчэпку супраць грыпу і COVID-19 можна звярнуцца ў паліклініку, медыцынскую амбулаторыю, фельчарска-акушэрскі пункт па месцы жыхарства. Таксама вакцынацыя праводзіцца па вытворчым прынцыпе, працуюць выязныя брыгады.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga