На базе Дзятлаўскага лясгаса прайшоў прававы прафсаюзны прыём грамадзян.
На пытанні жыхароў раёна, работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў адказалі пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго, прававы інспектар Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Вольга Юрашэвіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік.
На прафсаюзны прыём звярнуліся тры чалавекі з пытаннямі, якія тычыліся індэксацыі пенсій, налічэння і аплаты бальнічных лістоў па новых правілах, працэдуры атрымання дадатковага выхаднога дня шматдзетным бацькам. Па кожнай з тэм заяўнікі атрымалі грунтоўныя адказы і рэкамендацыі.
Такія выязныя прафсаюзныя прыёмы праводзяцца па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі з 2015 года, яны даўно даказалі сваю карысць і запатрабаванасць. Грамадзяне актыўна карыстаюцца магчымасцю атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю, а часта і канкрэтную дапамогу на месцы, нікуды не выязджаючы.
На сустрэчы з работнікамі лясгаса прававы інспектар дала тлумачэнні па нормах заканадаўства, якія рэгулююць сферу працоўных і звязаных з імі праваадносінаў, а таксама па змяненнях, унесеных у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga