Чарговае пасяджэнне клуба для непаўналетніх “Кантакт”, які працуе на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, прайшло ў фармаце інфармацыйнай гадзіны па тэме “Жыццё даражэйшае за ўсе скарбы” з удзелам падлеткаў, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.
Мерапрыемства было скіравана на прафілактыку суіцыдальных паводзінаў і фарміраванне пазітыўнага мыслення і адносінаў да жыцця.
Каб настроіць прысутных на выніковае ўзаемадзеянне, сацыяльны педагог Іна Нічыпаровіч правяла з імі размінку. У час інфармацыйнага блока “Што такое жыццё?” падлеткі паразважалі на сур’ёзныя тэмы: у чым сэнс нашага існавання, што такое сяброўства, каханне, смерць, здрада, што ў жыцці сапраўды каштоўна і важна. Для большага пагружэння ў тэму выканалі практыкаванне “Асацыяцыі – мая будучыня” і расказалі, якой менавіта яна кожнаму з іх уяўляецца.
Каардынатар дзейнасці валанцёрскага клуба “Мы разам!” раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ірына Мішчанка арганізавала драйвінгі “Я люблю жыццё!” і “Мы патрэбны адзін аднаму” па прафілактыцы суіцыдальных паводзінаў сярод дзяцей і падлеткаў і супраць уцягвання непаўналетніх у дэструктыўныя аб’яднанні.
Затым удзельнікі сустрэчы прагледзелі відэаролік “Прытча аб сапраўдных каштоўнасцях жыцця”, правялі гульню і выканалі заданне “Сябры па гадзінах”. Практыкаванне “Кропля” дапамагло ўдзельнікам зразумець, што многія нязначныя канфлікты, праблемы, непрыемныя сітуацыі можна не даводзіць да крайнасці, тады яны вырашальныя.
Напрыканцы кожнаму з прысутных было прапанавана напісаць ліст сябру, уявіўшы, што прайшло шмат гадоў і самыя смелыя іх мары спраўдзіліся. Дзеці зрабілі выснову, што без сумнення пазітыўнае стаўленне да жыцця – гэта і ёсць умова станоўчага самаадчування і дабрабыту.
Вольга ЛАМАКА,
загадчыца аддзела сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga