Новыя дзверы – можна, а радыятар на балконе – ні ў якім разе

Важнае Грамадства

За апошняе дзесяцігоддзе стаўленне да перапланіроўкі кватэры кардынальна змянілася.

Калі раней да пераносу сцен або пашырэння праёмаў звярталіся толькі самыя прадпрымальныя, то сёння людзям падабаецца рэалізоўваць смелыя рашэнні, уладкоўваць максімум карыснай і зручнай прасторы. Аднак варта ўлічваць, што паняцце перапланіроўкі ахоплівае розныя віды работ, на большасць з якіх трэба атрымліваць дазвол, а некаторыя зусім забаронены законам.

 

Умоўна можна адрозніць некалькі відаў перапланіроўкі (перабудовы). Для першай групы работ дастаткова толькі ўласнага жадання і магчымасцяў.

Да прыкладу, без узгаднення можна змяняць і ўсталёўваць:

вокны і дзверы;

падвесныя столі;

сантэхніку;

душ замест ванны;

трубаправод і каналізацыю ў межах кватэры.

Работы, якія патрабуюць рашэння райвыканкама, распрацоўкі праектнай дакументацыі:

замена або перанос сістэмаў газазабеспячэння, цэнтральнага ацяплення, смеццевыдалення, газавыдалення;

устаноўка гідра-, пара-, цепла- і гукаізаляцыі;

змяненні ў апорных канструкцыях;

змяненне плошчы, колькасці жылых пакояў і падсобных памяшканняў у кватэры за кошт разборкі існуючых і (або) будаўніцтва новых перагародак;

павелічэнне праёмаў у ненясучых сценах і перагародках.

Забароненыя работы (за рэдкімі выключэннямі):

устаноўка радыятараў на лоджыях і балконах;

стварэнне жылых пакояў без наяўнасці вокнаў;

усе, якія могуць аслабіць апорныя канструкцыі будынка;

усе, якія могуць паўплываць на каляровае або архітэктурнае рашэнне фасада шматкватэрных жылых дамоў і іншыя.

Важна разумець, што пры неабходнасці ўзгадненне перапланіроўкі ажыццяўляецца да, а не пасля канкрэтных работ на аб’екце. Першачарговае – атрыманне рашэння аб дазволе на работы. Далей – распрацоўка праектнай дакументацыі з яе ўзгадненнем. І толькі пасля – будаўнічыя работы.

Для атрымання рашэння на перабудову (перапланіроўку) кватэры неабходна звярнуцца ў службу “адно акно” Дзятлаўскага райвыканкама, дзе растлумачаць, якія дакументы неабходна прадаставіць.

Тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры – 1 месяц, плата за яе не спаганяецца. Дакумент (рашэнне на перабудову або перапланіроўку) дзейнічае бестэрмінова.

Графік работы службы “адно акно”: панядзелак, аўторак, чацвер, пятніца – з 8 да 17 гадзін; серада – з 8 да 20 гадзін; выхадныя дні – субота, нядзеля. Дадаткова інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 2-71-61.

Станіслава ГАНЧАР,
галоўны спецыяліст аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама, кіраўнік службы “адно акно”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga