Ёсць чым ганарыцца!

Важнае Грамадства

Да свайго прафесійнага свята калектыў ДРБУ № 119 падышоў з важкімі напрацоўкамі і грунтоўнымі вынікамі.

– У межах рэспубліканскай праграмы “Дарогі Беларусі” былі рэалізаваны мерапрыемствы па рамонце і ўтрыманні аўтадарог раёна. Толькі за 9 месяцаў гэтага года ў грашовым выражэнні мы асвоілі 5,48 мільёна рублёў, яшчэ 625 тысяч рублёў зарабілі на прамых дагаворах, – расказаў начальнік планава-тэхнічнага аддзела Сяргей Хайко.

За гэты час быў капітальна адрамантаваны ўчастак аўтадарогі Наваельня – Казлоўшчына – Дзераўная (праз Дварэц), праведзены бягучыя рамонты на дарогах Карэлічы – Валеўка – Наваельня, Малдуці – Змяёўцы – Міклашы, Дзятлава – Разважжа – Хвінявічы, Наваельня – Казлоўшчына – Дзераўная, Казлоўшчына – Явар – Мядзвінавічы, Дварэц – Малая Палонка – Цяцейкі – Старына.

Акрамя таго, дзятлаўскія дарожнікі папрацавалі ў Гродне на будаўніцтве пад’язных шляхоў да мікрараёна “Забалаць”, у Дзятлаве правялі асфальтаванне тэрыторыі ТАА “Ізакам” на адным з вытворчых участкаў, па заказе РУП ЖКГ зрабілі бягучы рамонт дарожнага пакрыцця на вуліцах Савецкай і Карла Маркса ў Наваельні, Гагарына і Міцкевіча ў Дзятлаве.

У перадсвяточную пару дарожнікі таксама не пакідаюць важных клопатаў: завяршаюць бягучыя праекты і актыўна рыхтуюцца да сюрпрызаў надыходзячай зімы.

На фінішнай прамой

Завяршаецца сезон актыўнай работы для  брыгады асфальтаўкладкі пад кіраўніцтвам майстра Андрэя Шастака. Другі тыдзень запар яе спецыялісты праводзяць рамонт аўтадарогі Погіры – Жукоўшчына – Каршакі.

– Тут, на ўчастку працягласцю 1,1 кіламетра, было шмат ямаў, якія перш-наперш мы прыбралі, паклалі выраўніваючы слой, затым – ахоўны слой, цяпер робім ідэальны стык, каб не было перападу ў час руху транспарту, – расказвае Андрэй Іванавіч. – На аб’екце працуе практычна ўся наша брыгада.

Гэта лета выдалася для асфальтаўкладчыкаў насычаным і актыўным: рамантавалі дарогі ў Слонімскім і Дзятлаўскім раёнах, “закальцавалі” ў асфальтавым выкананні трасу Наваельня ­– Казлоўшчына – Дзераўная – завяршылі праект даўжынёй у 5 гадоў. Да снегу ім трэба паспець правесці бягучы рамонт дарогі ў вёсцы Хадзяўляны і пару аб’ектаў у Слоніме.

Андрэй Шастак упэўнены, што ўсё запланаванае атрымаецца рэалізаваць. З нагоды свята ён жадае ўсім работнікам галіны здароўя, задавальнення ад работы і высокіх заробкаў.

Вопытныя, надзейныя, паважаныя

Не сакрэт, што абсалютная большасць работнікаў дарожнай галіны – людзі, бязмежна ўлюбёныя ў сваю прафесію. Нездарма ў ДРБУ-119 нямала такіх, хто працуе дзесяцігоддзямі, застаючыся вернымі справе жыцця. Напярэдадні прафесійнага свята раскажам аб тых, хто сёлета адзначыў свае прыгожыя працоўныя юбілеі.

Віктар Чачотка, начальнік аддзела механізацыі (стаж 30 гадоў). Некалі, як і многія хлапчукі-равеснікі, ён проста “хварэў” машынамі, а калі стаў дарослым, перанёс сваю любоў у прафесію. Віктар Віктаравіч атрымаў адукацыю ў Мінскім аўтамеханічным тэхнікуме, першым месцам работы выбраў колішні Аўтапарк № 16 горада Дзятлава. Сёння вопытны граматны спецыяліст адказвае за ўвесь машынна-трактарны парк ДРБУ-119, які налічвае 51 адзінку тэхнікі: цяжкагрузныя МАЗы, аўтагрэйдары, пагрузчыкі, каткі, асфальтаўкладчыкі. Задача Віктара Чачоткі – сачыць, каб усё працавала без збояў, аб’ёмы работ выконваліся своечасова, ставіць машыны на рамонт, разлічваць працэс на шмат крокаў наперад.

– Працуецца добра, стабільна, – кажа мужчына. – Маем даход, таму з грашыма на запчасткі для рамонту тэхнікі праблем няма.

Паступова абнаўляецца і сам аўтапарк арганізацыі: сёлета атрымалі пяскараскідвальнік, восьмы па ліку на двух участках ДРБУ-119, а на наступны год, згодна з чаргой на заводзе, набудуць новы МАЗ.

Уладзімір Гуговіч, машыніст катка (стаж 35 гадоў). Свой працоўны шлях у арганізацыі Міхаіл Іванавіч пачынаў механізатарам. Калі 15 гадоў таму прапанавалі перакваліфікавацца на машыніста катка, ахвотна пагадзіўся, прайшоў спецыяльныя курсы ў Мінску і прыступіў да работы. З таго часу ён нязменна за рулём гэтай незвычайнай дарожнай тэхнікі. На пытанне, што больш за ўсё падабаецца ў рабоце, мужчына адказвае:

– Не сядзім на аднам месцы, увесь час у камандзіроўках: на працягу лета працавалі ў Слоніме, Лідзе, Гродне.

Калі сезон асфальтаўкладкі заканчваецца, мужчына перасаджваецца на пагрузчык, разам з калегамі клапоціцца аб камфорце і бяспечнасці дарог у зімовую непагадзь.

Як вадзіцель і дарожнік з вялікім стажам, Уладзімір Гуговіч адрасуе ўсім, хто мае дачыненне да свята, пажаданні гладкай дарогі, моцнага здароўя, дабрабыту і ўдачы ва ўсіх справах.

Ігар Мацюк, токар (стаж 25 гадоў). Чалавек таленавіты, рознабаковы – гэта пра Ігара Аркадзьевіча. І прафесіянал выдатны, і спартсмен-аматар, якіх яшчэ пашукаць. Ураджэнец вёскі Валоўнікі нашага раёна, пасля службы ў арміі пачынаў свой прафесійны шлях у Гродне на заводзе такарных патронаў, дзе і навучыўся справе, працаваў аператарам-наладчыкам станкоў з лічбавымі праграмамі. На малую радзіму мужчыну прывяло асабістае шчасце і кватэрнае пытанне.

– Мы з жонкай землякі, вырашылі не адрывацца ад каранёў, жыць і працаваць на Дзятлаўшчыне, – расказвае Ігар Мацюк. – Я адразу ўладкаваўся токарам у ДРБУ-119 і з таго часу ўжо чвэрць стагоддзя працую тут.

Без перабольшвання кажучы, работы ў мужчыны шмат: што летам, калі ў дарожнікаў гарачая пара, што зімой, калі тэхніка “становіцца” на планавы рамонт і абслугоўванне. Акрамя таго, сёлета разам з калегамі Ігар Аркадзьевіч прымаў актыўны ўдзел у рамонце асфальтабетоннага завода.

Вольны ад работы час мужчына прысвячае сям’і і свайму захапленню спортам: каля 20 гадоў з’яўляецца членам Лідскага клуба аматараў настольнага тэніса, удзельнічае ў спаборніцтвах. Напрыклад, нядаўна ён стаў віцэ-чэмпіёнам тэніснага турніру, прысвечанага 750-годдзю горада Ліды. Свой спартыўны ўзровень мужчына адточвае разам з сябрамі за тэнісным сталом, які размешчаны тут жа, на тэрыторыі ДРБУ-119, для актыўнага адпачынку работнікаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga