20 гадоў таму, у 2003 годзе, на Дзятлаўшчыне з’явілася ўстанова адукацыі новага тыпу – гімназія № 1 горада Дзятлава, якая сёлета адзначае юбілей заснавання.
Гартаючы старонкі летапісу ўстановы, нельга не ўзгадаць тых, хто стаяў “за штурвалам карабля ведаў”. Гімназія заўсёды прываблівала таленавітых і ініцыятыўных навучэнцаў і педагогаў, свой уклад у яе развіццё і станаўленне ўнеслі Іван Кібінь, Алена Жадзейка, Інэса Гецэвіч, Ігар Грынчук, Валерый Ішуцін, Наталля Клімец.
Знакавым для ўстановы стаў 2018 год, калі да вялікай і дружнай гімназічнай сям’і ўпершыню далучыліся першакласнікі. Цяпер тут арганізаваны адукацыйны працэс для 224 навучэнцаў.
Святкаванне 20-гадовага юбілею ў гімназіі № 1 горада Дзятлава пачалося яшчэ з першавераснёўскай лінейкі з сімвалічнай назвай “Дзень ведаў у 20-ы юбілейны год гімназіі”, дзе быў дадзены старт кароткатэрміноваму праекту “Гімназія скрозь гады”. Ён прадаўжаецца, і вядома ж, да Дня настаўніка ва ўрачыстай абстаноўцы гімназісты павіншавалі сваіх педагогаў рознымі танцавальнымі нумарамі, песнямі, вершамі, жартоўнымі сцэнкамі.
У сацыяльнай сетцы “Instagram” у рамках праекта арганізаваны анлайн-фотамарафоны: “#Дзень ведаў у 20-ы юбілейны год гімназіі”, “Сэлфі з настаўнікам”.
У 2023-2024 навучальным годзе педагогаў, дзяцей і іх бацькоў чакаюць мерапрыемствы, якія будуць упісаны ў 21-ю старонку летапісу нашай установы.
Марына СЕРБІН,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 1 горада Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga