Незвычайна цёплы верасень здаў-такі свае правы апатычнаму, халоднаму, дажджліваму кастрычніку, і тэмы ацяплення будынкаў, руху на аўтадарогах у поцемках і іншыя ў сферы бяспекі сталі вельмі актуальнымі.
Іх і абмеркавалі на нарадзе ў намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Баравіка.
З пачатку года на Дзятлаўшчыне адбыліся 22 пажары (летась за гэты ж перыяд – 18). Большасць – па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні. На мінулым тыдні, па інфармацыі начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргея Казушчыка, таксама гарэў жылы дом, узгаранне ў якім адбылося з-за непагашанай цыгарэты. Гаспадар “няўдала” пакурыў і пайшоў на работу, вярнуўся – добра, што не на папялішча, бо людзі заўважылі дым, выклікалі ратаўнікоў. Прахалоднае надвор’е дадасць клопату супрацоўнікам службы – людзі пачынаюць паліць у печы. Прафілактычныя абходы падворкаў жыхароў раёна павінны быць пастаяннымі, гутаркі з гаспадарамі прыватных домаўладанняў – абавязковымі. На гэтым акцэнтаваў увагу прысутных Дзмітрый Баравік.
Дзяржаўтаінспекцыя ў гэтым месяцы будзе кантраляваць уезд транспарту на тэрыторыю навучальных установаў. На абласным узроўні пастаўлена задача праверыць, ці ва ўсіх школах зачынены вароты ў час вучэбнага працэсу і ці абсталяваны шлагбаумы аўтаматыкай. Таксама прадоўжацца спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы ДАІ па папулярызацыі выкарыстання флікераў, адпрацоўцы аварыйна-небяспечных участкаў дарог.
Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна завяршаюць сяўбу, СГФ “АграМілк” і КСУП “Войневічы” ўжо “фінішыравалі”. Увогуле па ўсіх гаспадарках выкананне работ складае 86 %. Як патлумачыў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, у бягучым годзе аграрыямі Дзятлаўшчыны значна павялічаны плошчы азімых – азімы клін.
– Па-першае, гэта дапаможа знізіць нагрузку на вяснова-палявыя работы. Па-другое, азімыя значна больш эфектыўна выкарыстоўваюць вільгаць, якая з’яўляецца асноўным фактарам, лімітуецца рост прадуктыўнасці збожжавых, – адзначыў Віталій Тадэвушавіч.
У гаспадарках прадаўжаецца ўборка бульбы, кукурузы на сілас. Поўнасцю спрасавана салома, засталося толькі вывезці яе з палёў.
Гаварылі на нарадзе і пра здароўе, у частцы сезоннага супрацьстаяння грыпу. Вакцынацыя ад гэтага захворвання на Дзятлаўшчыне ўжо пачалася. Медыкі запрашаюць у медыцынскія ўстановы ўсіх жадаючых прышчапіцца і нагадваюць, што зрабіць гэта патрэбна загадзя, паколькі неабходны час, каб сфарміраваўся імунітэт, – а гэта каля трох тыдняў.
– Думаю, тлумачыць сутнасць і эфектыўнасць вакцынацыі супраць даўно нам знаёмага грыпу няма неабходнасці – праверана часам і людзьмі, – падрахункаваў Дзмітрый Баравік.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga