Дубочкі – для мамы з татам і сына з дочкай

Галоўнае Грамадства

Напярэдадні Дня маці 10 сем’яў горада Дзятлава высадзілі дубовую алею. Яны далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Парк сямейных дрэваў”.

Моладзевы праект па закладцы паркаў сямейных дрэваў рэалізуецца па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі чацвёрты сезон, сёлета ён прысвечаны Году міру і стварэння. Беларусы высаджваюць на сваіх алеях клёны, бярозы, ліпы, рабіны, дубы, туі, а таксама пладовыя дрэвы. У Дзятлаве таксама побач з Цэнтрам культуры і народнай творчасці з’явіліся 10 маладых дубочкаў, якія пасадзілі сем’і: Губко, Рудзік, Каткоўскіх, Юргілевіч, Белавус, Казушчык, Шулейка, Дварчанін, Грыб, Мікульскіх. Пасадачны матэрыял і інвентар былі прадастаўлены Дзятлаўскім РУП ЖКГ.

Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык расказала, што акцыя даўно стала на Дзятлаўшчыне традыцыйнай і любімай:

– У межах бацькоўскага тыдня, які ўключае ў сябе два святы – Дзень маці і Дзень бацькі – мы далучаемся да рэспубліканскай акцыі “Парк сямейных дрэваў”. Высадзім дубочкі як сімвал росту і сувязі з роднымі мясцінамі. Рады вітаць тут бацькоў і дзяцей, для малечы мы падрыхтавалі паветраныя шары і салодкія сюрпрызы.

Хацелася б, каб падрастаючае пакаленне, якое сёння садзіць дрэўцы разам з бацькамі, таксама шчыра палюбіла свой родны край і захацела звязаць з ім жыццё, прадоўжыць тут свой род.

Намеснік дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктар Дзедуль павіншаваў усіх з надыходзячымі святамі, правёў кароткі інструктаж па тэхніцы бяспекі і закладкі дрэваў. Сем’і дружна высадзілі свае саджанцы і ўпрыгожылі іх папяровымі сэрцамі са стужачкамі ў дзяржаўных колерах – сімвалам цэласнасці беларускіх сем’яў і дзяржавы, абазначылі алею памятнай таблічкай.

Удзельнікі акцыі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад яе.

Алена Мікульская:

– Паўдзельнічаць у акцыі нам прапанавала адміністрацыя сярэдняй школы № 1, дзе займаюцца дзеці, з радасцю падтрымалі гэту ідэю, пасадзілі дуб разам з мужам Сяргеем, дачкой Лізаветай і сыночкам Вадзімам. Вельмі любім такія стваральныя справы: мы разам садзілі яблыневы сад у школе, лісцёвыя дрэвы – каля помніка ў Ахонаве. Няхай наш дубок радуе жыхароў горада, і мы самі ў час прагулак па парку абавязкова его будзем наведваць.

Таццяна Юргілевіч:

– Разам са мной саджалі дрэва мае самыя блізкія людзі: сыночкі Жэня і Павел, муж Юрый. Акцыя “Парк сямейных дрэваў” – невялікая знамянальная падзея для нашай сям’і, бо з’явілася яшчэ адна рэч, якая нас усіх аб’ядноўвае. Мы шчаслівыя, што зможам закласці ў родную зямлю часцінку сваіх сямейных каштоўнасцяў, пакінуць аб нас добрую памяць.

Наталля АВЯРЧУК