Актыўнае лета. Вынікі

Важнае Спорт і турызм

У райвыканкаме адбыўся круглы стол, прысвечаны спорту і турызму на Дзятлаўшчыне.

Яго ўдзельнікі падвялі вынікі работы ў летні перыяд і вызначылі напрамкі дзейнасці на бліжэйшы час.

– Лета-2023 было надзвычай актыўным для турыстычных і спартыўных установаў раёна. На працягу сезона праведзена 133 фізкультурна-аздараўленчыя, спартыўна-масавыя і турыстычныя мерапрыемствы, сярод якіх 9 – абласнога ўзроўню, 20 – рэспубліканскага, – расказаў загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда. – Важнай падзеяй у турыстычным жыцці раёна стала з’яўленне аднаго з першых у вобласці раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра, задачай якога з’яўляецца папулярызацыя турыстычных паслугаў на Дзятлаўшчыне.

Дырэктар установы Дзінара Харошка расказала аб тым, чаго ўдалося дасягнуць за два месяцы работы.

– Калектыў цэнтра складаюць тры чалавекі, у тым ліку атэставаны экскурсавод Алена Абрамчык. Разам з тым вектары нашай работы разнапланавыя – ад інфармацыйнай падтрымкі і каталагізацыі да экскурсійнай дзейнасці. Удзел у міжнароднай выставе-кірмашы турыстычных паслугаў “Адпачынак-2023” і  турыстычным форуме “Адкрый Беларусь!” даў свой плён: летам мы прымалі іншагародніх турыстаў на туры выхаднога дня.

За лета было праведзена 45 экскурсій па Дзятлаўскім раёне для  1077 турыстаў, праводзіцца абсталяванне цэнтра: набыты аўдыёгід, а таксама ўзмацняльнік голасу для работы экскурсавода з вялікімі групамі і асобнымі катэгорыямі турыстаў. У цяперашні час вядзецца збор матэрыялу для выдання кнігі пра Дзятлаўшчыну, структура якой будзе заснавана па тэрытарыяльным прынцыпе. Хочацца падрабязней пазнаёміць гасцей раёна з жыццём і адметнасцямі кожнага сельскага савета, з яго населенымі пунктамі, паказаць самабытнасць, культуру, – адзначыла Дзінара Леанідаўна.

Галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Наталля Калодка расказала пра развіццё агратурызму ў раёне. Па яе словах, на Дзятлаўшчыне перарэгістрацыю прайшлі 4 аграэкасядзібы – “Каля дуба”, “Домік ля Шчары”, аграсядзіба ў Накрышках і “Родник”. Сёння яны актыўна функцыянуюць і прымаюць турыстаў.

Як адзначыла дырэктар раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Святлана Лагута, гэты год для ўстановы адукацыі вызначыўся яркімі мерапрыемствамі, дасягненнямі выхаванцаў і станоўчымі вынікамі работы.

– Асноўнай задачай для спартыўнай школы з’яўляецца выкананне Дзяржаўнай праграмы па чатырох паказчыках, галоўны з іх – колькасць навучэнцаў, ім мы значна перавыконваем план, – расказала Святлана Іванаўна. – У гэтым дапамагае штогадовая акцыя “Запішыся ў спартыўную школу”, у час якой праходзіць асенняе першынство “Шкаліяда”, дзе трэнеры і іх выхаванцы паказваюць майстар-класы і прэзентацыі ў сваіх відах спорту, запрашаюць наведаць спартыўныя секцыі. Таксама інфармацыя распаўсюджваецца ў буклетах, сацыяльных сетках, на сайтах установаў адукацыі раёна.

У гэтым навучальным годзе ў школе займаюцца 340 спартсменаў-навучэнцаў на 4 аддзяленнях. Акрамя юных дзятлаўчан і жыхароў Казлоўшчыны цяпер секцыі наведваюць навучэнцы Новаяльнянскай і Дварэцкай сярэдніх школ.

Выкананы і паказчык ахопу навучэнцаў спартыўнай школы аздараўленнем – сёлета яго прайшлі 159 юных спартсменаў. Дзятлаўская ДЮСШ паспяхова справілася з заданнем па падрыхтоўцы спартсменаў 1 разраду і вышэй, кандыдатаў у майстры спорту: сёлета павысілі сваё майстэрства да 1 разраду  Ганна Радомская – у лёгкай атлетыцы, Анастасія Танкевіч – у цяжкай атлетыцы. Абедзве яны з’яўляюцца навучэнкамі агульнаадукацыйных школ. Акрамя таго, па выніках мінулага навучальнага года 4 спартсмены-навучэнцы перайшлі ў вышэйшае звяно спартыўнай падрыхтоўкі – паступілі ў Наваполацкае і Гродзенскае (Лідскі філіял) вучылішчы алімпійскага рэзерву, гэта выхаванцы трэнераў Аксаны Афанасенкавай і Сяргея Залатарова.

– Яшчэ адзін паказчык Дзяржаўнай праграмы, які мы рэалізуем, –падрыхтоўка спартсменаў масавага разраду, – расказала Святлана Лагута. – Яго ўжо атрымалі 80 дзяцей, чаму паспрыяў шэраг спаборніцтваў, якія прайшлі на працягу летняга перыяду і ў верасні. Павышэнне разраду – лепшая дэманстрацыя таго, што трэніровачны працэс ідзе правільна і дае свой добры вынік.

– Заняткі спортам даступныя для кожнага дзятлаўчаніна, – запэўніла  ў сваім выступленні дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка. – Мы арганізуем фізкультурна-аздараўленчую і спартыўна-масавую работу з усімі слаямі насельніцтва.

У раёне сфарміраваны 6 спартыўных груп: 2 дзіцячыя і 2 дарослыя па футболе і валейболе, а таксама група для людзей з абмежаванымі магчымасцямі; функцыянуюць клубы аматараў фізічнай культуры і спорту – хакейны “Алмаз”, “Байдарачнікі Дзятлава”, клуб аматараў валейболу, дзейнічае раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларуская федэрацыя футбола”.

Каманды актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах каляндарнага плана і паказваюць добрыя вынікі: жаночыя зборныя сталі віцэ-чэмпіёнамі Гродзенскай вобласці па валейболе і пляжным валейболе; у спартакіядзе “Залаты колас” сярод сельскіх жыхароў мужчынская зборная паднялася на 3-ю прыступку п’едэстала; футбольная каманда “ФСК Дзятлава” вынікова выступіла ў 2-й лізе чэмпіянату рэспублікі па футболе – выйшла ў фінал чэмпіянату на першай пазіцыі і заняла выніковае 5 месца; хакейная каманда “Алмаз” стала чэмпіёнам рэспубліканскага турніру “Залатая шайба”.

Як і штогод, дзятлаўчане масава далучыліся да здачы фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь. За 2021-2023 гады нарматыў выканалі 78 чалавек; 69 з іх ва ўзросце да 18 гадоў, 6 чалавек – ад 18 да 50 гадоў, 3 чалавекі – старэйшыя за 50. Па выніках 11 удзельнікаў сталі ўладальнікамі залатых медалёў, 16 – сярэбраных, 51 – бронзавых.

Вольга Васіленка адзначыла, што гэтым летам, як і ў папярэднія гады, папулярнасцю ў мясцовага насельніцтва і гасцей раёна карыстаюцца сплавы на байдарках. Толькі за сезон іх было арганізавана 67, прынялі ўдзел 716 чалавек, сярод якіх дзятлаўчане, госці з Ліды, Навагрудка, Мінска і нават Дубая.

– Распрацавана база пастаянных кліентаў, якая штогод папаўняецца. Пры гэтым аматары водных падарожжаў усё часцей выбіраюць больш складаныя маршруты па Моўчадзі, – заўважыла Вольга Іванаўна. – Плануем развіваць гэты напрамак дзейнасці, набываем інвентар, распрацоўваем праграму, каб у будучым праводзіць двухдзённыя сплавы.

Удзельнікі круглага стала абмеркавалі напрамкі дзейнасці і склалі план мерапрыемстваў на квартал. Наступнае пасяджэнне будзе праведзена па выніках асенняга турыстычнага і спартыўнага сезона.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga