Як заўважыць набліжэнне трагедыі?

Грамадства Свежыя навіны

Для ўдасканалення работы па прафілактыцы суіцыдальных паводзінаў непаўналетніх, фарміравання каштоўнасных адносінаў да жыцця, захавання і ўмацавання іх псіхічнага здароўя з 10 верасня па 10 кастрычніка на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна праходзіць месячнік “Твой выбар – тваё жыццё”.

Суіцыд можа здарыцца, калі праблема застаецца актуальнай і нявырашанай на працягу некалькіх месяцаў і дзіця ні з кім не дзеліцца асабістымі перажываннямі. Большасць людзей у той ці іншай форме сігналізуюць аб сваім намеры, а дзеці наогул не ўмеюць хаваць сваіх планаў. Размовы накшталт “ніхто не мог і падумаць” азначаюць толькі тое, што навакольныя не прынялі або не зразумелі пасылаў.

Дзіця можа прама сказаць аб суіцыдзе, можа разважаць аб бессэнсоўнасці жыцця і што без яго ў гэтым свеце будзе лепш. Павінны насцярожыць фразы “ўсё надакучыла”, “ненавіджу ўсіх і сябе”, “калі ўсё гэта скончыцца”, “так жыць немагчыма”, пытанне “а што б вы рабілі, калі б мяне не стала?”, развагі аб пахаванні. Трывожным сігналам з’яўляецца спроба раздаць усе даўгі, памірыцца з ворагамі, раздарыць свае рэчы, асабліва са згадваннем аб тым, што яны не спатрэбяцца.

Акрамя пералічаных, вылучаюцца яшчэ некалькі прыкмет гатоўнасці дзіцяці да суіцыду, пры з’яўленні якіх варта прымаць меры:

– страта цікавасці да любімых заняткаў, зніжэнне актыўнасці, апатыя, бязвольнасць;

– грэбаванне ўласным выглядам, неахайнасць;

– імкненне да адзіноты, аддаленне ад блізкіх;

– рэзкія перапады настрою, неадэкватная рэакцыя на словы, беспадстаўныя слёзы, павольнае, малавыразнае маўленне;

– раптоўнае зніжэнне паспяховасці і няўважлівасць;

– дрэнныя паводзіны ў школе, прагулы, парушэнні дысцыпліны;

– схільнасць да рызыкі, неапраўданых, неабдуманых учынкаў;

– страта апетыту, дрэннае самаадчуванне, бяссонніца, кашмары;

– абыякавае расставанне з рэчамі ці грашыма, раздорванне;

– імкненне прывесці справы ў парадак, падвесці вынікі, прасіць прабачэння;

– самаабвінавачванні або прызнанне ў залежнасці ад іншых;

– жарты, іранічныя выказванні, філасофскія разважанні аб смерці.

Што рабіць і як дапамагчы?

  1. Уважліва выслухайце дзіця, бо яму гэта патрэбна, прыкладзіце ўсе намаганні, каб зразумець праблему, утоеную за словамі і сур’ёзнасць намеру.
  2. Ацаніце глыбіню эмацыйнага крызісу, бо дзіця можа адчуваць сур’ёзныя цяжкасці, але не думаць аб самагубстве.
  3. Уважліва стаўцеся да ўсіх, нават самых нязначных крыўдаў і скаргаў, не грэбуйце нічым са сказанага, бо непаўналетнія могуць і не даваць волі пачуццям, хаваючы свае праблемы, але знаходзіцца ў стане глыбокай дэпрэсіі.
  4. Паспрабуйце акуратна спытаць, ці не думае дзіця пра самагубства, практыка паказвае, што такое пытанне рэдка прыносіць шкоду, часта падлетак бывае рады магчымасці адкрыта выказаць свае праблемы.

Не бойцеся звяртацца да псіхолагаў-прафесіяналаў, бо такі зварот не азначае пастаноўку на ўлік “кляймо” псіхічнай непаўнавартаснасці. Большасць людзей, якія замахваюцца на сваё жыццё, псіхічна здаровыя, творча адораныя, проста апынуліся ў складанай сітуацыі.

Памятайце: выратаваць дзіця ад адзіноты можна толькі любоўю.

Ілья КАСЦЮК,
педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga