У рамках выканання Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2021-2025 гады ў нашым раёне прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Дзятлава і Дзятлаўскі край: гісторыя і сучаснасць”, прысвечаная Году міру і стварэння і 525-гадоваму юбілею горада Дзятлава.
Удзел у ёй прынялі супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, дзятлаўскія навукоўцы і краязнаўцы, а таксама школьнікі, якія захапляюцца вывучэннем роднага краю.
Па добрай традыцыі гасцей на дзятлаўскай зямлі сустрэлі хлебам-соллю. Удзельнікаў канферэнцыі павітала кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім. У фае Цэнтра культуры і народнай творчасці ім прадставілі турыстычны і спартыўны патэнцыял Дзятлаўшчыны, навуковыя і культурныя дасягненні нашых землякоў.
Са словамі прывітання да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся Андрэй Садоўскі.
– Мы з вамі сустракаемся на Дзятлаўшчыне ў знакавы час – Год міру і стварэння, юбілейны для горада Дзятлава. За свой шматвекавы шлях наш горад прайшоў нямала выпрабаванняў, стаў утульным і прыгожым дзякуючы энергіі, працы і таленту яго жыхароў, іх клопату аб сваёй малой радзіме, – адзначыў ён. – Мы па праве ганарымся гераічным мінулым, творчай, духоўнай спадчынай і дасягненнямі нашых знакамітых землякоў. Мы з пакалення ў пакаленне беражліва перадаём усё лепшае, створанае за гісторыю ў больш чым 5 стагоддзяў.
Правядзенне ў нас канферэнцыі “Дзятлава і Дзятлаўскі край: гісторыя і сучаснасць” – гэта не толькі даніна памяці, але і новы крок на шляху разумення нашага паходжання, таго, дзе нашы карані. Звяртаючыся да мінулага, мы чэрпаем у ім духоўныя, маральныя сілы, вучымся верыць, перамагаць і аддана служыць нашай Радзіме. Спадзяёмся, што будучы дыялог дасць магчымасць усім прысутным, маладому пакаленню не толькі больш поўна пазнаёміцца з мінулым нашага краю, зразумець сучаснасць і будаваць будучыню Дзятлаўшчыны і Беларусі.
За асабісты ўклад у захаванне гістарычнай памяці на Дзятлаўшчыне Андрэй Уладзіміравіч уручыў Ганаровую грамату Дзятлаўскага райвыканкама дырэктару Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдату гістарычных навук, дацэнту, нашаму земляку Вадзіму Лакізу.
Вадзім Леанідавіч затрымаўся на раённай сцэне, каб павітаць юных і дарослых навукоўцаў на сваёй малой радзіме:
– Сёння мы шмат будзем гаварыць пра гісторыю Беларусі і навукова-даследчую работу, якая праводзіцца ў нас. А зараз я хацеў бы пажадаць вам усім дабра, міру, дабрабыту. У Год міру і стваральнай працы – усяго самага найлепшага, моцнага здароўя, творчасці, каб вочы ў кожнага з вас гарэлі жыццём, сяброўствам, каб маладое пакаленне атрымлівала самыя высокія адзнакі і задавальненне ад навучання. Вашы настаўнікі – самыя лепшыя вашы сябры.
Сваё прывітанне ўдзельнікам канферэнцыі перадаў яшчэ адзін наш выдатны зямляк – старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Яго прывітальны адрас быў агучаны з раённай сцэны:
– Вітаю вас на такім значным для Дзятлаўшчыны навуковым мерапрыемстве. Сёння тут не толькі ўзгадваем нашу гісторыю, але і будуем планы на будучыню. Абмен меркаваннямі паміж вопытнымі і маладымі вучонымі, сувязь паміж навукай і нашым звычайным жыццём надае новы імпульс для развіцця як Дзятлаўскага краю, так і краіны ў цэлым. Вывучэнне гісторыі роднага краю, захаванне нашай агульнай гісторыі, прадаўжэнне нашых традыцый – неабходная справа для кожнага чалавека. Гэта не проста наша мінулае: не адрывацца ад сваіх каранёў важна для будучыні. Для мяне, як многіх тысяч людзей, Дзятлаўшчына – малая радзіма. Важна захоўваць памяць аб ёй, рабіць уклад у яе росквіт і не забываць, што яна заклала ў наш светапогляд. Рухацца наперад, жыць у міры і згодзе як адна вялікая сям’я, магчыма толькі ў тым выпадку, калі мы шануем каштоўнасці, выпрабаваныя стагоддзямі. Гэта залог нашага мірнага і спакойнага жыцця.
За работу па падрыхтоўцы і правядзенні навукова-практычнай канферэнцыі “Дзятлава і Дзятлаўскі край: гісторыя і сучаснасць” Вадзім Лакіза ўручыў дзятлаўчанам узнагароды. Граматай і Падзякай дырэкцыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі быў узнагароджаны старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, Падзякай – начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Кулеш.
Таксама Падзякамі дырэкцыі інстытута былі адзначаны настаўнік геаграфіі Дварэцкай сярэдняй школы Сяргей Каско, спецыяліст па турызме Дзятлаўскага раённага турыстычна-інфармацыйнага цэнтра Алена Абрамчык, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Марыя Шавель, настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства Новаяльнянскай, Вензавецкай сярэдніх школ, гімназіі № 1 і сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Ганна Савасцюк, Людміла Лапата, Алена Радомская, Аксана Якаўчык, настаўніца інфарматыкі гімназіі № 1 Святлана Кетка, кіраўнік музея “Дзяці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы Тамара Крывеня.
Былі ўзнагароджаны пераможцы і прызёры конкурсу навучэнцаў у рамках канферэнцыі: дыпломамі І ступені – Анастасія Шавель (СШ № 3), Ганна Грыцук (Новаяльнянская СШ), дыпломамі ІІ ступені – Анастасія Бортнік (Новаяльнянская СШ), Станіслаў Якаўчык (СШ № 3), дыпломамі ІІІ ступені – Назар Баканаў (Вензавецкая СШ), Дар’я Бурдун, Вікторыя Шымчык (гімназія № 1).
У час пленарнага пасяджэння з дакладамі выступілі Вадзім Лакіза і навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, а таксама дзятлаўскія навукоўцы. Абмяркоўвалі дзейнасць установы, вехі гістарычнага развіцця Дзятлаўшчыны ад старажытнасці да сучаснасці, дзятлаўскі край ад заключэння Рыжскага міру да ўз’яднання, партызанскага шпіталя ў Ліпічанскай пушчы, дзейнасць Новаяльнянскага і Дзятлаўскага дзіцячых прытулкаў у часы Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікам канферэнцыі была прэзентавана кніга “Дзятлава і Дзятлаўскі край: гісторыя і сучаснасць”.
Далей навукова-практычная работа была прадоўжана на базе гімназіі № 1 горада Дзятлава ў дзвюх секцыях – “Дзятлаўшчына ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя” і “Дзятлаўскі край у ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя”.
Навукова-практычная канферэнцыя завяршылася абзорнай экскурсіяй па Дзятлаве, у час якой яе ўдзельнікі ўшанавалі памяць абаронцаў Радзімы і ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны, пазнаёміліся з архітэктурнымі адметнасцямі горада і яго памятнымі мясцінамі.