Важная галіна – лясная гаспадарка

Важнае Грамадства

Наш лес – зялёны скарб. Распарадзіцца ім граматна, прафесійна, на карысць грамадства і дзяржавы – задача лесаводаў Дзятлаўшчыны.

Дзятлаўчане з ёй спраўляюцца і дасягаюць годных вынікаў у сваёй сферы.

За няпоўныя 9 месяцаў гэтага года ўсе вытворчыя паказчыкі паспяхова выкананы, а некаторыя нават пераўзыдзены, усе сёлетнія планы і задумкі таксама падыходзяць да свайго лагічнага завяршэння. Калі казаць мовай лічбаў, за гэты год нарыхтавана 115,649 тысячы кубічных метраў драўніны, якая рэалізуецца на экспарт, каля 3900 кубоў штомесяц перапрацоўваецца ў дрэваапрацоўчым цэху ў Вензаўцы. Акрамя таго, максімальна задавольваюцца заяўкі на драўніну ад насельніцтва.

Лесааднаўленчыя мерапрыемствы на тэрыторыі раёна сёлета праведзены ў намечаных аб’ёмах. У акцыі “Тыдзень лесу-2023” прынялі ўдзел каля 650 чалавек, яна прайшла ва ўсіх 9 лясніцтвах Дзятлаўшчыны – было закладзена 15 гектараў новых лясоў, ачышчана 28 гектараў, вывезена 5 кубаметраў смецця.

Карыстаецца папулярнасцю паляўнічы комплекс лясгаса ў аграгарадку Вензавец. Месцы тут найпрыгажэйшыя, і ўмовы для выдатнага адпачынку на вышыні, ён папулярны не толькі ў паляўнічых, многія сюды імкнуцца, каб сустрэць Новы год у казачнай атмасферы. Другі год запар сумесна з Дзятлаўскай дзіцячай школай мастацтваў лясгас на базе паляўнічага комплексу арганізуе экалагічны квэст “Ключи бабушки Зимы”, як для дзяцей, так і для дарослых груп адпачывальнікаў. Даходы прыносіць паляўнічы турызм. Сюды едуць не толькі беларусы, але і замежныя госці. Літаральна днямі расійскі паляўнічы здабыў на тэрыторыі нашых лясных угоддзяў дзве асобіны дзікіх козаў.

Штогод Дзятлаўскі лясгас распрацоўвае пасяўныя аддзяленні ў цяпліцах гадавальніку, дзе вырошчвае пасадачны матэрыял, які з’яўляецца будучым фондам лясных насаджэнняў раёна, а таксама карыстаецца попытам у насельніцтва. Звыш 10 тысяч сеянцаў з закрытай каранёвай сістэмай – гэта высокаадаптыўны матэрыял з добрай прыжывальнасцю.

У красавіку дапамогу лесаводам раёна аказвалі моладзевыя працоўныя атрады. Маладыя работнікі займаліся сартаваннем і падрыхтоўкай да высадкі сеянцаў, а таксама былі задзейнічаны на ўборцы лясных масіваў.

Нягледзячы на тое, што праца не з лёгкіх, моладзь прыходзіць у лясную гаспадарку і застаецца тут. Летась у Дзятлаўскі лясгас прыбылі двое маладых людзей – памочнікі ляснічага, якія прывезлі з сабой будучых жонак – інжынераў лясной гаспадаркі, іх таксама працаўладкавалі па спецыяльнасці. У маі бягучага года прыехалі яшчэ два маладыя спецыялісты. Кіраўніцтва прадпрыемства стараецца зрабіць усё магчымае, каб моладзі было камфортна і цікава: выплачвае дапамогу і прэміі, пры неабходнасці забяспечвае жыллём, актыўна далучае маладых людзей да прафсаюзных, культурных і спартыўных галіновых мерапрыемстваў.

Асноўная задача, якая цяпер стаіць перад лясгасам, па меркаванні яго спецыялістаў, – нарошчванне аб’ёмаў нарыхтоўкі і перапрацоўкі драўніны.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga