Па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора, заключанага паміж Савецкай Расіяй і Полыпчай 18 сакавіка 1921 г., з карэнных беларускіх земляў да Польшчы адышлі цяперашнія Гродзенская, Брэсцкая і паўночна-заходнія раёны Мінскай і Віцебскай абласцей.
Гэтыя землі атрымалі назву Заходняя Беларусь, або «крэсы ўсходнія». Такім чынам плошча звыш 12 тыс. км2 з насельніцтвам (1931 г.) 4,6 млн. чалавек стала калоніяй польскіх памешчыкаў і капіталістаў. Прамысловасць тут не развівалася. Эканоміка Заходняй Беларусі ў 1939 г. так і не паднялася вышэй узроўню 1913 г.
У Дзятлаўскім раёне 41 памешчык меў болын 33 тыс. га зямлі, 50 асаднікаў валодалі 1670 га.
У Заходняй Беларусі налічвалася звыш 70 тыс. батракоў. У 1931 г. у сельскай гаспадарцы мелася каля 700 тыс. чалавек «лішніх рук», што складала 50 % усіх працаздольных. Гэтыя людзі вымушаны былі працаваць на лесараспрацоўках, займацца сезоннай і падзённай працай у памешчыкаў, кулакоў і асаднікаў. У пошуках работы і лепшай долі многія выязджалі ў краіны Заходняй Еўропы, Амерыку, Аўстралію. 3 1925 па 1938 г. у іншыя краіны эмігрыравалі 78 тыс. чалавек.
Сацыяльны прыгнёт цесна пераплятаўся з нацыянальным бяспраўем. Польскія ўлады праследавалі беларускую культуру, праводзілі насільную паланізацыю. Яны адмаўлялі існаванне беларускага народа, яго права на развіццё мовы і культуры, закрывалі беларускія школы. Калі ў 1918 — 1919 гг. тут дзейнічала каля 400 беларускіх школ, 2 настаўніцкія семінарыі і 5 гімназій, то да 1939 г. улады іх закрылі. Колькасць непісьменных складала амаль палову насельніцтва. Людзі, якія па свайму паходжанню, духоўнаму складу, традыцыях, мове належалі да этнічнай агульнасці беларусаў, былі пазбаўлены права называцца беларусамі. Ваеннае пасведчанне, выданае Івану Філону ў 1937 годзе сведчыць, што ў графе нацыянальнасць — запісана “тутэйшы”.
Цяжкі сацыяльны і нацыянальны прыгнёт, палітычнае бяспраўе працоўных з’явіліся базай, на якой рос і развіваўся рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі.
3 1918 па 1924 г. у Заходнюю Беларусь вярнуліся каля 700 тыс. бежанцаў. Сярод іх былі і дзятлаўчане, многія з іх — удзельнікі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны: А.I.Яновіч, Р.М. Дзянісік, I.I.Шумскі, Н.К.Кардаш, На радзіме яны разгарнулі рэвалюцыйную агітацыю, выступалі арганізатарамі барацьбы сялянскіх мас супраць памешчыкаў, асаднікаў, акупацыйных улад.
Многія ішлі ў лясы і стваралі там партызансісія атрады. У Дзятлаўскай зоне партызанскай барацьбой кіраваў Кірыла Пракопавіч Арлоўскі.
Аднак рэвалюцыйная і нацыянальна-вызваленчая барацьба мела стыхійны характар. Узнікла неабходнасць стварэння рэвалюцыйнай партыі.
У канцы кастрычніка 1923 г. у Вільні адбылася першая (нелегальная) канферэнцыя Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Канферэнцыя аформіла КПЗБ як тэрытарыяльна-аўтаномную партыйную арганізацыю ў складзе Кампартыі Польшчы. 3 гэтага часу рэвалюцыйная барацьба стала мэтанакіраванай. Арганізатарамі і кіраўнікамі КПЗБ былі I.К.Лагіновіч, С.А.Мертэнс, А.С.Славінскі, М.С.Арэхва і інш.
Дзятлаўскі райком КПЗБ спачатку ўваходзіў у Баранавіцка-Слонімскую акругу, а ў 30-я гады — у склад новаўтворанай Навагрудскай. Улады арыштоўвалі камуністаў, збівалі, калечылі, высылалі ў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. Паліцыя праводзіла масавыя арышты не толькі камуністаў, камсамольцаў, але і беспартыйных актывістаў. У 1936 г. у турмах пакутавалі 16 тыс. палітычных зняволеных. Асаблівай жорсткасцю вызначалася Навагрудская турма, якую празвалі «катоўняй».
Аднак ні турмы, ні катаванні, ні праследаванні не аслаблялі рэвалюцыйны pyx, а выклікалі яшчэ большую нянавісць да акупантаў. Былы сакратар Навагрудскага акруговага камітэта КПЗБ А.I.Багданчук успамінаў: «У той час у Навагрудку і навокал яго было прынята замест звычайнага «Добры дзень» вітаць узнятай рукой са сціснутымі ў кулак пальцамі і словамі «На акупанта». Адказвалі:«Заўсёды гатоў!».
На тэрыторыі цяперашняга Дзятлаўскага раёна было тры падрайкомы КПЗБ — Наваельненскі (1926), Казлоўшчынскі (1929), Дзятлаўскі (1930). Сакратарамі падрайкомаў у розны час былі: Дзятлаўскага — Браніслаў Іванавіч Ленка, Казлоўшчынскага — Віктар Ісідаравіч Мазоль, Наваельненскага — Навум Кандратавіч Кардаш. Ячэйкі КПЗБ на Дзятлаўшчыне дзейнічалі ў 28 населеных пунктах. Актыўнасцю выдзяляліся падпольныя арганізацыі вёсак: Засецце, Зачэпічы, Погіры, Краглі, Харашкі, Ахонава, Сцяткоўшчына, г. п. Казлоўшчына і Наваельня. Яны праводзілі вялікую арганізатарскую і палітыка-выхаваўчую работу: вывешвалі сцягі і транспаранты з рэвалюцыйнымі лозунгамі, друкавалі і распаўсюджвалі лістоўкі, праводзілі масоўкі, мітынгі, ладзілі забастоўкі. Арганізавана прайшла забастоўка возчыкаў лесу ў вёсках: Маскалі, Воля і Капці зімой 1933—1934 гг. Дзякуючы згуртаванасці, удзельнікі забастоўкі дабіліся павышэння заработнай платы амаль удвая. Такая ж забастоўка возчыкаў лесу адбылася ў вёсках: Ахонава, Боцкавічы, Баравікі, а таксама на Дзятлаўскім лесапільным заводзе.
Беззямелле, непасільныя падаткі і штрафы даводзілі сялян да крайняга збяднення. Таму баявы характар насілі сялянскія выступленні супраць падаткаў у Наваельні, Азяранах, Погірах, іншых вёсках. Пра выступленні сялян в. Погіры ў 1931 г. супраць высялення на хутары і падаткаў успамінаў член КПЗБ П. I. Варабей: «Выступление погірскіх сялян прайшло арганізавана, з палітычнымі патрабаваннямі. Для расправы з удзельнікамі выступления прыбыў начальнік Навагрудскай дэфензівы, была сцягнута паліцыя з многіх паліцэйскіх участкаў».
Правядзенне тайных мітынгаў і масовак было справай адказнай і небяспечнай. Перад удзельнікамі выступалі з прамовамі падпольныя работнікі партыі. Мітынгі і масоўкі праводзілі часцей за ўсё ў лесе. Такімі месцамі былі невялікі лясок каля галаўлёўскіх могілак, хата Піліпа Дудара ў Талкунах, могілкі ў Баравіках, лес каля в. Краглі, Лагуцьеўскі лес каля Колак.
Восенню 1934 г. на Яварскім балоце ў Ліпічанскай пушчы адбыўся мітынг, у якім прынялі ўдзел каля 200 чалавек. Удзельнікі мітынгу рашылі вывесіць на Кастрычніцкія святы чырвоныя сцягі ва ўсіх навакольных вёсках. Рашэнне выканалі.
Падполыпчыкі не толькі распаўсюджвалі лістоўкі, але і друкавалі іх самі. Член КПЗБ з 1928 г. Браніслаў Іванавіч Ленка ўспамінаў: «Лістоўкі мы друкавалі ў маёй хаце на шапірографе, які ўдалося дастаць у Дзятлаве». Лістоўкі друкавалі таксама і ў Казлоўшчыне ў хатах Вольгі Мазоль і Канстанціна Васюкевіча.
На Дзятлаўшчыну дастаўлялі падпольную газету «На акупанта» — орган Навагрудскага акруговага камітэта КПЗБ. Камуністычную літаратуру прывозіў на Дзятлаўшчыну і Максім Танк.
У кнізе «У суровыя гады падполля» ён успамінаў: «У 1930 г. мне некалькі разоў даводзілася завозіць у раёны Навагрудчыны пачкі камуністычнай літаратуры. Першы раз, калі я вёз адозвы, набраўся многа страху. Ехаць трэба было ў вёску, размешчаную ў кіламетрах дзесяці ад мястэчка Дзятлава (маецца на ўвазе в. Погіры.). Калі на станцыі Наваельня я сышоў з цягніка, на пероне ўбачыў некалькі паліцэйскіх…» Літаратуру дастаўляў і Сцяпан Дзядовіч, ураджэнец в. Погіры, які на той час быў рэдактарам газет Беларускай сялянска-рабочай грамады.
Актыўнымі падпольшчыкамі на Дзятлаўшчыне былі камуністы П.Мілейка, I.Пацэль, I. Ф.Лабар, У. Д. Лабар, Р. М. Дзянісік, К. Я. Каско, К. Кардаш, У.С.Трайнель, Б.I. Ленка, П.I. Варабей, I.I.Шумскі, П.Івашэвіч, Я.Л.Кашко, Ф.С.Бабрукевіч, К.I.Васюкевіч, А.К.Бяленка.
У рэвалюцыйнай барацьбе ўдзельнічалі цэлыя сем’і: Віктар, Вольга, Уладзімір, Анатоль Мазалі, Міхаіл, Юрый, Клаўдзія, Анатоль Тарасюкі, Уладзімір, Алена, Аляксандр Лябецкія, Сафрон, Мікалай, Хвядос, Канстанцін Рэдзькі.
Многія з падпольшчыкаў прайшлі праз турмы, катаванні, праследаванні. Так, Вольгу Мазоль польскія ўлады асудзілі на 11 гадоў турмы, Алену Лябецкую і Віктара Мазаля — на 6, Канстанціна Каско — на 3 гады.
Браніслаў Ленка ўспамінаў аб жудасных засценках дэфензівы: «Мяне разам з іншымі падполынчыкамі ў Навагрудскай турме збівалі гумавымі палкамі, улівалі праз нос ваду, разбаўленую газай альбо нечыстотамі, утыкалі над ногці іголкі».
Дэфінзіва шырока практывала засылку ў рады Кампартыі правакатараў. На тэрыторыі Заходняй Беларусі шырока разгарнуў сваю здрадніцкую дзейнасць правакатар Стральчук, па даносах якога арыштавалі каля тысячы лепшых рэвалюцыянераў.
ЦК партыі вынес рашэнне знішчыць Стральчука. 27 студзеня 1936 г. у Віленскім акруговым судзе слухалася справа камуністаў-падпольшчыкаў.
У якасці сведкі выступаў Стральчук. Сяргей Прытыцкі ў зале суда забіў здрадніка.
(Працяг будзе)
Па матэрыялах кнігі “Памяць. Дзятлаўскі раён”.
Падрыхтавана ўстановай культуры “Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей”
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga