Па тэме з аналітыкай. Вырашылі адкрыць свой бізнес? Расказваем, як атрымаць субсідыю ад дзяржавы

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Тэма: сёння размова пойдзе аб фінансавай падтрымцы (субсідыі), якую можна атрымаць на арганізацыю ўласнай справы пры садзейнічанні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Ірына Баравік, намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:

– Такая субсідыя прадастаўляецца толькі беспрацоўным, таму, калі вы пакуль не працаўладкаваны і марыце адкрыць свой бізнес, гэта ваш шанц. Выплата як мінімум пакрые частку выдаткаў, звязаных з арганізацыяй прадпрымальніцкай ці рамеснай дзейнасці. Для тых, хто зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, але не ажыццяўляе дзейнасць, гэты від дзяржпадтрымкі не падыходзіць. Калі ўжо арганізавалі свой бізнес, з’яўляецеся рамеснікам або самазанятым, гэтая мера таксама не для вас.

На што можна выкарыстоўваць грошы

Фінансавая падтрымка разлічана на набыццё абсталявання, інструментаў або механізмаў, аплату паслугаў і іншыя мэты, звязаныя з арганізацыяй уласнай справы. Выдаткі павінны быць мэтавымі: субсідыю можна рэалізоўваць толькі на ўмовах, якія агавораны ў заканадаўстве. Грамадзянін павінен на працягу 3 месяцаў выкарыстаць субсідыю і падаць справаздачныя дакументы ў аддзел па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Куды звяртацца па дапамогу і дадатковыя растлумачэнні?

Беспрацоўныя грамадзяне, зацікаўленыя ў адкрыцці сваёй справы, па больш падрабязную інфармацыю могуць звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама па тэлефоне 2-27-01 або на адрас: горад Дзятлава, вуліца Кастрычніцкая, 56, каб. 7.

Юлія Цярэшка, прадпрымальнік:

– Як вы адважыліся адкрыць ІП пасля двух адпачынкаў па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3-х гадоў?

– Я рызыкоўная. Заўсёды раблю крок наперад, калі чалавек сумняваецца ў сабе, то не варта нават спрабаваць. Пачынаць усё з нуля вельмі складана, таму і звярнулася ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, зарэгістравалася ў якасці беспрацоўнай. У аддзеле па працы і занятасці азнаёмілі з вакансіямі прыдатнай для мяне работы, а таксама праінфармавалі аб дзяржаўнай падтрымцы для арганізацыі ўласнай справы.

Мне прапанавалі 5-дзённыя навучальныя курсы “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці”, дзе я атрымала шмат карыснай інфармацыі і пазнаёмілася з будучымі калегамі. Было вельмі цікава даведацца, якімі яшчэ відамі эканамічнай дзейнасці будуць займацца людзі, бо на курсах у нас прысутнічалі спецыялісты з Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва, падатковай інспекцыі, выкладчыкі з універсітэта. Нам патлумачылі, як скласці бізнес-план, разлічыць штодзённы прыбытак. Пасля заканчэння навучання падала ў аддзел па працы і занятасці свой бізнес-план і абараніла яго. Затым мне выдзелілі субсідыю і я адкрыла ІП.

– На што трацілі сродкі?

– Набывала абсталяванне, звязанае з арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці: манекены, люстэркі, прас, рэкламную шыльду і многае іншае.

– Што пажадаеце будучым прадпрымальнікам?

– Жадаю ўдачы! Упартых намаганняў, упэўненых крокаў, смелых дзеянняў, якія ўвасобяцца ў рэальныя вынікі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga