78 гадоў аддзяляе нас ад самай жорсткай і крывавай падзеі новага часу – Вялікай Айчыннай вайны, у пекле якой загінуў кожны трэці беларус.
Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь прадаўжае расследаванне па справе аб генацыдзе беларускага народа ў гады вайны і пасляваенны час, выяўляе ўсё новыя факты. Для азнаямлення дзятлаўчан з імі пракуратура Дзятлаўскага раёна праводзіць сустрэчы ў працоўных калектывах, чарговая з іх адбылася ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава.
– Абнародуюцца дакументы, якія раней трымаліся пад грыфам “сакрэтна”, паказанні сведкаў, адкрываюцца новыя імёны ахвяраў фашызму сярод мірнага насельніцтва. Мы павінны іх ведаць, аб гэтым важна гаварыць, – распачала сустрэчу галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Марына Абрамчык.
Аб тым, як ідзе расследаванне справы аб генацыдзе на Дзятлаўшчыне, расказаў намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Сяргей Аляшкевіч.
– Практычна кожны дзень следчая група ўстанаўлівае новыя факты злачынстваў нацыстаў і іх памагатых, – адзначыў Сяргей Уладзіміравіч.
Ён паведаміў, што міжведамаснай камісіяй па ўвекавечанні памяці ахвяраў генацыду беларускага народа ажыццяўляецца добраўпарадкаванне пахаванняў і перапахаванняў; месцам масавага знішчэння мірнага насельніцтва прысвойваецца спецыяльны статус гісторыка-мемарыяльных аб’ектаў. Такі мемарыял сёлета быў узведзены і ў нашым раёне паблізу гарпасёлка Наваельня.
Таксама матэрыялы расследаванняў прадстаўлены ў выглядзе экспазіцый і тэматычных секцый у музеях, бібліятэках, школах. Пад рэдакцыяй Генпракуратуры надрукаваны зборнік інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў і дакументаў “Генацыд беларускага народа”, пабачылі свет шэраг іншых выданняў і тэлеперадач гэтай тэматыкі.
У канцы размовы для ўдзельнікаў сустрэчы ладзіўся прагляд фільма “Палачи Логойска” з дакументальнага цыкла “Без тэрміну даўнасці” аб генацыдзе мірнага насельніцтва.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga